«Вясёлка» i «Буся» праводзяць лета з дзецьмi
Лета шмат каго паклікала ў госці да бабуль, на лецішчы, і нават у замежжа. Але той, хто застаўся дома не сумуе таксама! Мінск старанна рыхтаваўся да адпачынку школьнікаў: святы у парках, забаўляльных цэнтрах, Мінскім звярынцы, спаборніцтвы, конкурсы, фэсты на вуліцах і шмат іншага. Не застаўся у баку і Буся – маленькі буслік, герой беларускага дзіцячага часопіса і яго верны сябар Вася Вясёлкін.
Па заданню Бусі і Васі супрацоўнікі рэдакцыі адправіліся на сустрэчы з выхаванцамі школьных летніх лагероў. Так адбылося сапраўднае дзіцячае свята у пачатковай школе № 29 г. Мінска.
З самага пачатку было зразумела, што гэта мерапрыемства стане незабыўным. Па-першае, адбывалася яно ў спартыўнай зале. Малечы так хацелі сустрэцца з часопісамі “Вясёлка” і “Буся”, што ўвесь вечар напярэдадні прэзентацыі зносілі крэслы і абсталяванне з актавай залы, дзе праходзілі рэпітыцыі танцораў. І Вася Вясёлкін з Бусем спраўдзілі чаканні дзяцей і настаўнікаў.
Інтэрактыўныя гульні, слоўнічкавыя рэбусы, літаратурная вандроўка, конкурс самых лепшых слоў – забаўляльнае побач з карысным напоўнілі гэту сустрэчу добрым настроем, ведамі, гумарам, адкрыццямі. У “Вясёлкі” і “Бусі” з’явілася шмат новых сяброў, а ветлівы школьны бібліятэкар запрасіла супрацоўнікоў рэдакцыі Кузміча Аляксея і Казлякевіч Радмілу на новыя творчыя сустрэчы у навучальным годзе.