Габой
Маленькая сімфонія
Сонца набліжалася да небасхілу, калі хлопчык-пастушок не далічыўся авечкі ў статку. Відаць, пушыстая жывёлінка адправілася на самастойныя пошукі смачнейшай траўкі. Хлопчык бегаў, шукаў яе. Зямля рабілася халаднейшай, празрыстая раса студзіла босыя ногі пастушка. Сонца апускалася ўсё ніжэй. У адчаі хлопчык сеў на траву і дастаў з-за пазухі дудачку, уставіў у яе гарлавіну тоненькую чарацінку. Пастушок зайграў, і лугавая прастора запоўнілася спачатку пяшчотным, а потым яркім і светлым, крышачку напружаным гукам. Шчымлівая мелодыя кранала сэрца кожнай жывой істоты: невялічкай птушачкі, якая спяшалася ў гняздзечка да дзетак, пясчаных рыбак у рэчцы (яны пачыналі плыць павольней), людзей у вёсцы, да якіх далятала музыка… Авечкі акружылі хлопчыка і ўважліва слухалі. А з апошнімі промнямі сонца прыбегла на музыку і згубленая жывёлінка. Шчаслівы пастушок вярнуўся дамоў з цэлым статкам.
А вось цудоўная дудачка пастушка прайшла праз стагоддзі, трапіла ў сімфанічны аркестр і атрымала назву габой. Зразумела, выгляд інструмента змяніўся. Цяпер габой робяць з чорнага дрэва, а дваццаць тры дзірачкі ў корпусе заціскаюцца металічнымі клапанамі, на якія націскае музыка. Мноства твораў напісана для гэтага інструмента. Але, мабыць, самыя шчымлівыя сола габоя – у сімфоніях Чайкоўскага: нібы пастушок плача, што не знайшоў сваёй маленькай авечкі.
Вальжына ПРОХАРАВА