Машына з крыламі
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Калі вельмі ў нешта паверыш, дык тое нешта калі-небудзь абавязкова збудзецца.
Алеся аднойчы заказала Казачніку два білеты ў вандроўку. Захацела пабываць там, дзе жывуць любімыя кніжныя героі. Час ад часу яна ў думках пасылала эсэмэскі Казачніку. Нагадвала пра сваю просьбу.
І што вы думаеце? Адной раніцы яе жаданне здзейснілася. Была якраз нядзеля. У школу не трэба спяшацца. Спі колькі хочаш. І Алеся дала волю снам. Ёй напраўду снілася, што Казачнік запрашае яе на дзівосны карабель. Толькі яна хацела ўвайсці ў яго, аж тут вочы асляпіў сонечны прамень.
Прачнулася Алеся. У акно зазірае высокае, вясёлае сонейка. А на тумбачцы каля ложка, побач з мабільнікам, – два білеты.
Чытае Алеся і вачам сваім не можа паверыць:
“Запрашаю ў казачную вандроўку. Мая машына “Опель-попель ШГК” стаіць каля школьнага футбольнага поля. Збор у дванаццаць! Казачнік.”
Алеся хуценька адзелася. У руках – два жаданыя, чаканыя білеты! Каго ўзяць з сабой?
Мама цяжка пераносіць паездкі ў машыне. Тата ў камандзіроўцы. Канечне, Казачнік хоча, каб у вандроўку быў запрошаны Толік. Каго ж яшчэ браць?
Алеся націўкала на тэлефоне нумар, які ведала на памяць:
– Толік! Што робіш?
– Хіба не бачыш – сплю.
– Дык уставай маланкай. Казачнік прыслаў білеты ў вандроўку.
– А мы з хлопцамі хацелі сёння мячык паганяць.
– Вось на футбольным полі і ўбачымся. Там казачная машына чакае.
– Крута! – выгукнуў Толік. – Буду без спазнення.
Праз секунду Толік набраў Алесін тэлефон, спытаў:
– А што браць з сабой?
– Прыхапі слухаўку, фоткалку і нямалку.
– Якую нямалку?
– Усё, што любіш хрумкаць, жаваць, каўтаць, піць.
– А ты што бярэш? – пацікавіўся Толік.
– Тое ж самае. Яшчэ блакнот і ручку. А самае галоўнае – білецікі…
Роўна ў дванаццаць Алеся і Толік прыбеглі да футбольнага поля. Там ужо стаяла ахаўскае аўто. Толік як убачыў, ажно заскакаў:
– Ух ты!.. Ах ты!..
Фары, як лупатыя вочы цётухны савы, тырчалі на ўсю шырыню капота. З ружовых абадкоў вызіралі зялёныя зрэнкі. Радыятар нагадваў пляскаты чырвона-паласаты нос. Здаецца, перад кабінай ляжала галава нейкага чарадзея. Яна трывала мацавалася на чатырох шырокіх, жоўтых колах.
– Прашу ў мой “Опель-попель”, – ласкава ўсміхнуўся Казачнік.
Як толькі экіпаж пазачыняў за сабой дзверцы, Казачнік націснуў блакітную кнопку на пульце кіравання. “Опель-попель” бясшумна пакаціўся па травяной дарожцы. Пасля зашапацеў па асфальтавай вуліцы. І вельмі хутка выскачыў на магістраль.
– А чаму ваша аўто называецца “ШГК”? – спытаў Толік у Казачніка.
– “Шукаю Герояў Казак” – вось расшыфроўка майго знака, – адказаў Казачнік і датыкнуўся да чырвонай кнопкі.
З машыны раптам высунуліся два крылы. Адно з таго боку, дзе сядзеў Толік, а другое – з боку Алесі. “Опель-попель” пачаў плаўна ўзнімацца над шашой.
Толік і Алеся анямелі ад дзіва. Яны першыя з вучняў усёй школы, а мо і ўсяго горада, ехалі ў лятаючым аўтамабілі.
Так пачалася іх вандроўка да казачных герояў.
Уладзімір ЛІПСКІ