Пра хлопчыка, які любіў даваць мянушкі
Жыла-была дзяўчынка Воля. У яе былі прыгожыя белыя кудзеркі. А побач жыў хлопчык Толя. Ён любіў усім дзецям даваць мянушкі. Волю за яе кудзеркі ён называў Авечкай. Як убачыць яе здалёк, так і крычыць:
– Воля – Авечка! – і падзывае: – Бась-бась-бась, Авечка!
Прыйшла Воля дамоў і кажа:
– Не пайду больш у двор гуляць.
– Чаму? – пытаецца мама.
– Мяне Толя абзывае Авечкай, – ледзь не плача Воля.
– Не плач, – кажа мама. – Вось табе словаадлюстроўны значок, – і прышпіліла да Волінай сукенкі значок, падобны да сонца, з якога замест промняў адыходзілі стрэлачкі. – Ён адлюструе любое слова, накіраванае ў цябе. А той, хто будзе абзывацца, сам стане тым, што ён прамаўляе. Як вядома: “Не кажы благое, каб усё такое не было з табою”.
– Але ж такія значкі, – уздыхнула Воля, – можа дарыць толькі добрая фея.
– Бываюць хвіліны, калі кожная мама робіцца добрай феяй. Слухай уважліва і запамінай. Калі захочаш, каб слова, скіраванае на цябе, адлюстравалася, скажы: “Значок мой, пачуй, слова адлюструй”.
Воля пайшла гуляць на двор. Там разам з іншымі дзецьмі быў і Толя. Ён убачыў Волю і тут жа пачаў:
– Воля – Авечка! Воля – Авечка!
А Воля шэптам прамовіла: “Значок мой, пачуй, слова адлюструй”. Як толькі яна гэта сказала, Толя ператварыўся ў баранчыка. Дзеці нават расступіліся ад нечаканасці.
– Ах, Толя, Толя, – пахітала галавою Воля. – Ты, пэўна, не ведаеш: “Не кажы благое, каб усё такое не было з табою”.
Толя хоць і быў баранчыкам, але ўсё разумеў, ды сказаць нічога не мог. Ён стаў прыгожым бела-кучаравым баранчыкам. Воля пагладзіла яго. Пачалі яго гладзіць і іншыя дзеці. Але Толя-баранчык заплакаў.
– Вой, што я нарабіла! – усклікнула Воля. – Цяпер ён назаўсёды застанецца баранчыкам.
– Трэба яго да доктара адвесці, – параіў адзін хлопец.
– Не, у цырульню, – прапанавала дзяўчынка, – калі яго падстрыгчы, то ён будзе больш падобны да хлопчыка.
Дзеці пачалі спрачацца.
– Бе, – заматляў галавою Толя-баранчык і яшчэ мацней заплакаў.
– Ану, паўтары, – сказала Воля.
– Бе-е, – працягнуў Толя-баранчык.
– Значок мой, пачуй, слова адлюструй, – хутка прамовіла Воля.
Але нічога не адбылося. Бо “бе” нічога не значыла.
– А што ты яшчэ можаш сказаць? – запытала Воля.
Толя-баранчык выцягнуў вусны і працягнуў:
– Ме-е, – але і “ме” нічога не дало.
Усе дзеці пачалі чухаць патыліцы, старанна разважаць, што рабіць.
– Другі баран ні бэ, ні мя, а любіць гучнае імя, – працытаваў байку Кандрата Крапівы адзін са старэйшых хлопчыкаў.
– Ану, паспрабуй сказаць “мя”, – усхапілася Воля.
Толя-баранчык падціснуў губы і з цяжкасцю прамовіў: “Мя…”
– Значок мой, пачуй, слова адлюструй, – прашаптала Воля.
І ў гэты момант баранчык ператварыўся ў прыгожае белае кацянятка.
– Гэта ўжо лепей, – сказала адна дзяўчынка, – цяпер я магу яго дамоў забраць. Хай Толя жыве ў мяне.
Але мыска ў Толіка-коціка была зусім не вясёлая, а маркотна-маркотная – сапраўдны коцік-маркоцік.
– Кажы, што можаш, – папрасіла яго Воля.
– Мяў, – мяўкнуў Толя.
– Павольней.
– Мь-а-у, – пачаў расцягваць гукі Толік-коцік. – мь-а-у, а-у, а-у…
На апошніх гуках Воля прамовіла:
– Значок мой, пачуй, слова адлюструй!
І раптам Толя-коцік знік.
– Вой! –усклікнулі дзеці. – Куды ён дзеўся?
– Нікуды ён не дзеўся, – сказала Воля. – Ён ператварыўся ў…
Але ўва што цяпер ператварыўся Толя? Адна дзяўчынка пачала гукаць:
– Толя, ты дзе? Агу!
– Агу, – паўтарыла рэха.
– Вось бачыце, дакладней, чуеце, – сказала Воля, – Толя ператварыўся ў рэха. А гэта вельмі добра! Толя! – закрычала яна.
– Толя! Толя! – закрычалі ўсе дзеці.
– Т-о-л-я! – паўтарыла рэха.
А пакуль рэха чулася, Воля хутка прамовіла:
– Значок мой, пачуй, слова адлюструй.
Як толькі яна гэта сказала, перад дзецьмі з’явіўся Толя. Ён быў вельмі сумны, збянтэжаны, але ў душы радасны, бо зноў стаў хлопчыкам.
– Цяпер ты разумееш? – спытала ў яго Воля.
– Так, – адказаў Толя і прамовіў: – Не кажы благое, каб усё такое, не было з табою.
Серж МІНСКЕВІЧ