Тэатр на далоні
З новай аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Казачніку надта спадабаўся трэці “А” клас. Кожны хлопчык і дзяўчынка па-свойму мудры і цікаўны, бадзёры і загадкавы.
Вочы адкрытыя, хочуць усё бачыць.
Розум светлы, хоча ўсё ведаць.
Ногі непаседлівыя, хочуць усюды патрапіць.
Рукі нястомныя, хочуць усё ўмець.
Асабліва запомніліся Толік і Алеся. Яны, падалося Казачніку, не проста вучацца ў адным класе, але ж недарэмна і сядзяць разам.
Першыя парты, як ён ведаў са свайго маленства, заўсёды займалі выдатнікі, паслухмянцы. Можа, і Толік з Алесяй такія, думаў Казачнік. Але яму найбольш спадабалася ў іх тое нешта, якое мацавала іхняе шчырае сяброўства.
– Адгадайце маю загадку, – прапанаваў Казачнік на сваёй новай сустрэчы ў трэцім “А”.
Ён рэзка падняў правую руку ўгору і спытаў:
– Што гэта?
Паўкласа тут жа выгукнула:
– Рука!
– Не, не рука.
Пачуліся новыя адгадкі: далонь, пальцы, кулак.
Пацешыў усіх Васіль, які заўсёды хваліўся, што ў яго самы круты камп’ютар. Басавітым голасам ён выгукнуў:
– Гэта не рука, а мышкалоўка.
Яго сусед Ромік выказаў свой здогад:
– Ды гэта ж робат, які можа ўпраўляць лыжкай, відэльцам пры ядзе.
Клас ажыў. Маўчалі толькі Алеся і Толік. Казачнік папрасіў іх разгадаць яго загадку.
– Вы паднялі правую руку. Яна – сяброўка левай рукі, – разважыў Толік і зірнуў налева, дзе побач сядзела Алеся.
Яны на міг сустрэліся позіркам, і Алеся сказала:
– Я згодная.
– Усе вы разумнікі, – усцешыўся Казачнік. – Але гэта не проста рука, а тэатр.
Клас сцішыўся.
– Так, так, гэта тэатр. Прыгадайце сваё маленства і першую ў жыцці казку. Яе вам баіла мама, а можа, бабуля. Торкалі пальчыкам у далоньку і казалі: “Сарока-зладзейка па прыпечку скакала, дзеткам кашку варыла…”
– А-а, – аблегчана ўздыхнулі ўсе.
Але Казачнік вырашыў усё-такі нагадаць герояў “тэатра”. Адтапырыў вялікі палец і сказаў:
– Вось гэты сынок насіў дровы… Указальны набраў вады ў каструлю. Сярэдні паліў у печы. Безыменны памешваў кашу. А вось гэты, меншы, які завецца Мезенцам, што рабіў?
– Нічога! – хорам адказаў клас.
– Правільна, сядзеў на табурэціку, хітаў ножкамі і чакаў гатовенькай яды. А калі каша зварылася, Мама наклала поўную місу духмянай смакаты і паднесла першаму сынку: “Частуйся, мой дарагі памочнік”, – Казачнік глыбока ўдыхнуў паветра, як бы адчуў смак кашы і пацалаваў свой вялікі палец.
Усе ў класе павесялелі, бытта іх частавалі прысмакамі. А Казачнік гэткім жа чынам “накарміў” астатніх сынкоў-працаўнікоў. Паказаў на малога Мезенца і спытаў:
– А гэты што атрымаў ад Мамы?
– Нічога!
– Правільна, бо гультаям так і трэба, – пагадзіўся Казачнік.
І тут паднялася Алеся:
– А мне шкада Мезенца. Ён жа маленькі, мо не ведаў, што рабіць ці не ўмеў нічога рабіць.
– Правільна, дзецям трэба падказваць што да чаго, – падтрымаў суседку Толік.
Казачнік разам з настаўніцай Ірынай Віктараўнай прадоўжылі цікавы ўрок. А пасля з вучнямі разыгралі спектакаль “Каша”. Алеся захацела быць Мамай, а Толік – маленькім сынком.
Уладзімір ЛІПСКІ











Дзякуй за цікавыя творы!!! Друкуйце некаторыя з іх у Вясёлцы!
Марына, яны друкуюцца ў часопісе) Сачыце ўважліва