Казка старой сасны
Па дарозе ў лес разгаварыліся Міколка з Косцікам, хто якую пару года больш любіць.
– Я восень і зіму люблю, – сказаў Міколка. – Увосень дрэвы прыгожыя: і зялёныя, і жоўтыя, і чырвоныя. А зімой снег бялюткі, і вецер у ім свішча.
– У снезе свішча? – здзівіўся Косцік.
– Так, я сам чуў. Гурба во так выгнулася, – Міколка падняў руку і прыгнуў пальцы казырком, – дык вецер там – фіў, фіў. Я, калі вырасту, на машыніста вывучуся. Буду ездзіць на электрычцы і глядзець на прыгожы лес, на белы снег.
– А я люблю вясну і лета, – прызнаўся Косцік. – Вясной, як сонца прыгрэе, ручайкі булькаюць, звіняць. А летам – кветкі ўсюды. І ў бабчыным агародчыку, і на лузе за рэчкай. У лесе птушкі спяваюць…
– Чуеш зязюлю, Косця? – перабіў сябра Міколка. – Гэта яна з зайчыкам у хованкі гуляе.
– Скажаш, у хованкі! – не паверыў Косцік. – Хіба зязюля па зямлі бегае?
– Не, яна схаваецца ад зайчыка ў голлі і – ку-ку, ку-ку. Ён падбяжыць да дрэва, а яна пераляціць на другое і зноў кліча яго.
Па вершалінах гонкіх хвой прабег лёгкі ветрык. Яны заварушыліся, ціха загаманілі. Міколка падышоў да старой сасны, узняў галаву і прыслухаўся.
– Чуеш?
– Што – чуеш?
– Яна казку складае.
– Дрэва – казку? Што ты выдумляеш?
– Мама кажа, дрэвы мудрыя. Іх толькі трэба ўмець слухаць. Жыў-быў… Гэта мама так казкі пачынае. Жыў-быў у лесе калючы вожык. Ён таксама захацеў пагуляць з зязюляй у хованкі. Прыпусціўся на перагонкі з зайчыкам, раптам чуе ззаду: “Ну, заяц, пачакай!” І воўк – цап зайца за хвост. Вожык скруціўся ў клубок, скочыў на ваўка і пракаціўся па спіне туды-сюды… Во як яму, драпежніку! Няхай не крыўдзіць зайчыка!
– Воўк бег, а вожык не зваліўся з яго? – засумняваўся Косцік. – Я вунь у кіно бачыў: з каня – і то звальваюцца. Хлусіш ты ўсё.
Міколка падумаў і адказаў упэўнена:
– Не хлушу, у казках усё бывае!
Ён зноў паглядзеў на сасну. Косцік таксама падняў галаву, прыслухаўся.
– Чуеш? – шэптам спытаў Міколка.
– Чую, – адказаў Касцік.
Сябры слухалі трапяткім сэрцам казку старой сасны.
Аляксандр Капусцін
Спасибо
Спасибо
Спосибо