Вершы Анатоля ЗЭКАВА
Люты
Месяц люты –
Вельмі мудры,
І які б ні быў ён зух,
У валёнкі ўсё ж абуты
І апрануты ў кажух.
Люты ведае:
З днём кожным
Да вясны – усё бліжэй.
Іншых застудзіць ён можа,
А сябе вось – беражэ.
Сонейка з яго смяецца:
– Паглядзі, ідзе вясна!
Люты ж часам агрызнецца,
Што спужаецца й яна.
Бегемот
Аніколі бегемот
Не паклаў
На лёд
Жывот,
Бо жывуць
Там бегемоты,
Дзе няма ніколі лёду.
Зайкава хатка
Выбягае Зайка ранкам
На зарадку на палянку.
Бегае, куляецца,
Снегам націраецца,
Жвава прысядае,
Лапкамі махае.
Скокне ўперад,
Скокне ўбок…
Толькі б не заўважыў Воўк!
Ліжа мішка лёд
На лясным азерцы
Ліжа мішка лёд,
Ліжа і злуецца:
Лёд – зусім не мёд.
Быў бы мішка з мёдам,
То б не меў турбот.
А пакуль галодны –
Ліжа мішка лёд.
Снегіры
На сняжку,
Сняжку цалінным,
З самай ранішняй пары,
Нібы гронкі арабіны,
Чырванеюць снегіры.
Верабейкам жа здаецца,
Быццам хто расклаў агонь.
Ды, на жаль, ім не пагрэцца
Каля вогнішча таго.
Хто па чым?
Небылічка
Па траве на лыжах
Разагнаўся Міша,
А па снезе Федзя –
На веласіпедзе.
Разабрацца хто паможа:
Можа быць так
Ці не можа?