Рукі маці
Як соладка спіцца
У роднай хаце,
Калі пасцель табе
Слала маці.
Як хораша ранкам
Прачынацца,
Калі да сняданка
Будзіць маці.
Як рупна сонца
З паўдня прыпякае,
Нада мной узнятае
Матчынымі рукамі.
1979 г.
Ніна МАЦЯШ
Ніна МАЦЯШ (20 верасня 1943 – 19 снежня 2008) – беларуская паэтэса, драматург і перакладчыца.
Многія вершы Ніны Мацяш упрыгожылі старонкі нашага часопіса. Маленькія чытачы “Вясёлкі” з радасцю чакалі новых твораў паэтэсы, з лёгкасцю завучвалі іх на памяць. Для дзяцей асобнымі выданнямі выйшлі такія цудоўныя кнігі, як “Два браты і сякера” (1975), “Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982). Сярод яе перакладаў (Ніна Мацяш дасканала ведала французскую і нямецкую мовы) варта адзначыць цудоўнае пераасэнсаванне шэдэўра Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц” (1989). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А. Куляшова (1984).