“Вясёлка” на Дні пісьменства
Дзеці любяць святы, асабліва тыя, на якіх ладзяцца цікавыя сустрэчы, займальныя гульні, адбываюцца новыя адкрыцці. Такім святам сталі дні беларускага пісьменства ў г. Іванаве, на Брэстчыне.
Як жа без любімай “Вясёлкі” на такім значным свяце?
Разам з юнымі чытачамі вясёлкаўцы правялі прэзентацыю сваіх выданняў “Вясёлка”, “Буся”, “Домік” на пляцоўцы Брэсцкага “Саюздруку”. Адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу “Жывая класіка”. Дыпломы і падарункі павезлі ў свае школы нашы чытачы Кіра Вайцяхоўская з Віцебска, Яраслаў Мешчаракоў з Гродна, Іван Баракаў з Астраўца.
На свяце беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліпскага “Мая Беларусь”. Многім школам з усёй Беларусі аўтар падпісаў свой новы твор.
З цікавасцю прайшла прэзентацыя творчага праекта “Вясёлкі” — “Буквар. Таямніцы чатырох стагоддзяў”. Яе правёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.
“Вясёлка” была, ёсць і заўсёды будзе верным сябрам Дзяцей. Выпісвайце, чытайце свой любімы часопіс.
Анастасія Радзікевіч