Таемны халадзільнік
Адным ціхім вечарам сядзела я на кухні, гуляла ў камп’ютэрныя гульні. Раптам чую, з халадзільніка нехта кажа:
– Хочаш усю смакату свету?
– А то!
– Адкрый дзверцы – і пабачыш…
Я вачам не паверыла: у халадзільніку цэлыя скрыні “Кока-колы” і “Фанты”, сапраўднымі пірамідамі ўзвышаюцца пачкі з чыпсамі, акіян самых розных бургераў, карацей, усё тое, што мне забараняла есці мама… Адкуль гэта ў нас? Ай, няважна! Трэба есці!
Я сама не заўважыла, як апынулася ў нетрах халадзільніка. Ён быў бязмежны… Праз некалькі гадзін азірнулася, а вакол мяне шмат дзяцей, круглых, бы калабкі, якія ляжаць і стогнуць. Кожнага з іх акружылі пачварныя бургеры…
Бачу, і мяне бярэ ў палон ежа. Вось ужо нейкая чыпсіна залезла на шыю і драпаецца.
– Мама, ратуй! – закрычала я і заплюшчыла ад жаху вочы.
– Мяў! – раптам мяўкнула чыпсіна і ўцякла.
Азіраюся. Вакол цемра. Дык гэта ж я ізноў дома. На мяне палахліва ўзіраецца з калідора котка Марыся.
На кухні з’явілася занепакоеная мама:
– Чаго крычала?
– Нічога, мамачка! Дай… маннай кашы!
Ксенія КОТ, СШ № 59 г. Мінска.