На пачатку лета
Среда, 28.06.2017 10:40. Рубрика: Вершы
Я не знаю месяца
Больш за май шчаслівага,
Калі пушчы цешацца
З гоману шумлівага.
Калі вербы ніцыя
Рвуцца ўвысь галінамі;
Калі скрозь пшаніцаю
Пахне над далінамі…
Але новы сёлета
Подых на аселіцах:
Юны чэрвень молада
Больш за май вяселіцца.
Травы пахнуць кветкамі,
Кветкі пахнуць зорамі,
Зоры над палеткамі –
Лесам і азёрамі.
1936 г.
Пятро ГЛЕБКА (6 ліпеня 1905 – 18 снежня 1969) – беларускі паэт, драматург, перакладчык, навуковец.
Аўтар многіх класічных твораў (вершы “Сінія вочы”, “Ты падбірала лён і пела…”, “Пасылка”, паэма “Кармэнсіта”). Шмат зрабіў для развіцця мовазнаўства. Кузьма Чорны казаў пра Пятра Глебку: “Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх беларускіх пісьменнікаў. Яго талент узбагачаны думкаю, ясным розумам”.