Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
Божы куточак, дзе маем гонар жыць, –
у блакітным вянку рэк.
Брэст агортваюць памежныя Буг і Мухавец.
Мяжу Палесся вартуе ціхая, задуменная Прыпяць.
Дняпро, Сож, Бярэзіна адкрываюць свае прыгоствы
на нашых старажытных землях.
Вілія, Нёман ды яшчэ тысячы рэк і рэчачак,
рыбных азёр і жабіных сажалак
сплятаюць блакітны ўзор беларускай вышыванкі.
У гэтым чароўным балоце,
на гаючай зямельцы,
мы, беларусы, – вечныя!
Нас бралі ў палон.
Мы самі хадзілі выштукоўваць
суседнім дзяржавам крамлі, палацы, храмы.
Нас палілі, ганьбілі, нішчылі,
а мы, як пралескі,
кожнай вясною ажывалі.
У нас хацелі адняць самае дарагое.
Але ўзняўся над зямлёй
наш Вялікі Асветнік Францыск Скарына
і аб’явіў усяму свету:
Беларусы будуць маліцца на сваёй адпрыроднай мове!
***
Мая Беларусь.
У тваіх нетрах ёсць залатыя жылкі.
Пад тваёй зямлёй залягаюць шчодрыя сховы
нафты, жалезнай руды, торфу, калійных угнаенняў.
Але ж увесь наш скарб у нас саміх,
у кожным з нас.
Таму беларусам падуладны зямля і космас,
навука і ўмельства, творчасць і духоўнасць.
Дык вось жа чаму
ў зямным мільярдным мурашніку
не згубіліся нашы чалавечыя зоркі –
Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая,
Янка Купала і Якуб Колас,
Пётр Машэраў і Васіль Купрэвіч,
Пётр Клімук і Ігар Лучанок,
Максім Танк і Марыя Захарэвіч…
Слава ўсім,
хто дбае пра наш агульны гонар –
Беларусамі звацца!
***
У Мілаградзе, каля Дняпра,
на данашаўскім гарадзішчы,
стаяць векавыя дубы.
Маршчыністая кара,
зеленаваты мох на ёй,
вывіхнутыя галіны-рукі,
ціхі стогн верхавіння –
усё як бы нагадвае,
што мілаградцы тут
вечныя з прыродай.
Дубы высмоктваюць з зямлі,
перамешанай глінянымі чарапкамі
ды чалавечым попелам,
падкормку для жыццёвай моцы.
Мілаградцы ж сваю моц і сілу
ўжыўляюць у Дзяцей.
Так доўжыцца з веку ў век.
Таму неўміручыя мы,
трывушчыя і няскораныя.
Божа!
Хай будзе так,
пакуль круціцца Зямля!
***
Мая мілая Беларусь.
Ты даеш надзею кожнаму,
хто палюбіў цябе.
Ты шчодра дорыш
сваім землякам
ключык ад новага дня.
Ты атуляеш усіх
сваім небам, сваёй красой.
Прыроднай гаючасцю
узводзіш на трон велічы,
годнасці, прыгажосці.
Таму і пайшла па свеце
слаўная пагалоска,
што Беларусы –
людзі белай, чыстай расы,
добрыя і памяркоўныя,
гасцінныя і хлебасольныя,
мудрыя і трывушчыя.
Не церпяць толькі
крыўды, хлусні, падману.
І я, крывінка Беларусі,
сцвярджаю,
што гэта бялюткая праўда.
Уладзімір Ліпскі