Зубры
Здарылася гэта ў канцы лета, у жніўні. Сяргейкаў тата працуе аграномам МТС, непадалёк ад Брэста. Да гэтага ён працаваў на Палессі, на Тураўшчыне. Як толькі яны ўсёй сям’ёй асталяваліся жыць на новым месцы, Сяргейка стаў прыставаць да бацькі – хачу ў Белавежскую пушчу, паглядзець зуброў. Мала таго, што сам прасіў, дык яшчэ і малодшую сястрычку Аленку падгаворваў, каб і яна прасіла.
Бацька Сяргейкі быў добры і сказаў, што звозіць дзяцей у пушчу. Дырэктар МТС даў ім на выхадны дзень легкавую машыну. Адкрыты “газік” падкаціў да іхняй хаты раненька-раненька, але Сяргейка і малая Аленка прачнуліся ўжо.
У хаце адразу пачалася вясёлая мітусня, зборы ў дарогу. Дзеці бегалі па хаце, прыпаміналі, што трэба ўзяць з сабой у пушчу.
На хаду Сяргейка схапіў з шафкі самаробную запісную кніжку. На яе першай старонцы было старанна выведзена: “Для запісу розных прыгод у Белавежскай пушчы”.
– Ох, выпраўляю я вас, – сказала маці, – а сама трывожуся… Ты ж глядзі, Сцёпа, там, у той пушчы, столькі розных звяроў! Каб хоць не здарылася якой бяды…
Тата і шафёр дзядзька Саша весела засмяяліся.
– Ну, вядома, – пажартаваў тата. – Там жа на кожным кроку ільвы, тыгры, малпы!
Як толькі машына кранулася, Сяргейка адразу ж спытаў у бацькі, колькі часу, і старанна запісаў у дзённіку час ад’езду. Потым азірнуўся вакол і даў ацэнку пагодзе: “Цудоўная”. Дзянёк і сапраўды быў сонечны, цёплы, пагодлівы.
Сяргейка паклаў свой дарожны дзённік у кішэню, зручней уладкаваўся на сядзенні і пачаў глядзець на дарогу, на палі. А вакол было так хораша! Паабапал пасёлка жаўцелі зжатыя палеткі збажыны. Машына то спускалася ў зялёныя далінкі, то зноў узбягала на ўзгорак, то заскоквала ў лясок.
Па дарозе было столькі розных уражанняў і яны так хутка змяняліся, што хлопчык і не заўважыў, як пад’ехалі да невялікай вёскі, за якой пачыналася славутая Белавежская пушча.
Сяргейка, як зачараваны, глядзей удалячынь, дзе цёмназялёнай сцяной стаяў дрымучы лес. Якія таямніцы хаваюць у сабе гэтыя тысячагадовыя нетры? Дзе там жывуць тыя дзікія зубры?
На самым краёчку вёсачкі, бліжэй да пушчы, стаялі будынкі навуковай станцыі пушчы. Бацька, відаць, меў тут нейкую дамоўленасць, таму што не мінула і дзесяці хвілін, як ён выйшаў з канторы разам з маладым хлапцом. Твар у хлапца быў вясёлы, загарэлы, рукі былі таксама чорныя ад загару.
– Мяне завуць дзядзька Пеця, – усміхаючыся, сказаў хлопец і сеў побач з шафёрам, каб зручней было падказваць яму, куды ехаць.
Дзядзька Пеця быў навуковым супрацоўнікам і ведаў пра пушчу і пра яе жыхароў столькі, што слухаць яго расказы было цікавей, чым чытаць якую кніжку.
Перш за ўсё ён расказаў пра зуброў, гэтых цікавых звяроў, што захаваліся да нашых дзён яшчэ з далёкіх часоў. Аказваецца, Белавежская пушча – адзінае месца ў свеце, дзе жывуць зубры. Белавежскі зубр – магутны і злосны звер. Шмат год таму назад два зубры, Борус і Берэнсон, так заўзята счапіліся біцца, што іх не маглі разагнаць ні вартаўнікі лясной аховы, ні нават пажарная каманда з брандсбойтамі, выкліканая з раённага цэнтра. Страшэнны і люты бой цягнуўся аж дзевяць гадзін і скончыўся смерцю Берэнсона…
Нарэшце “газік” уехаў у пушчу, у самыя яе нетры. Адразу прыкметна пацямнела: высокія стогадовыя дрэвы, што стаялі шчыльнай сцяной, засцілалі неба. Дарога была няроўная, уся ў калдобінах, вузкая, абапал яе сціскаў непралазны густы хмызняк.
Што гэта быў за лес! На кожным кроку – велізарныя вываратні, завалы. Дрэвы тут раслі, паміралі і падалі, і ніхто ніколі іх не прыбіраў. Гэтыя нетры ніколі не ведалі сякеры чалавека, нікім не даглядаліся і не ачышчаліся.
Потым дзядзька Пеця расказаў, што Белавежская пушча захоўваецца дзяржавай у сваім першабытным выглядзе. У ёй забаронена не толькі секчы лес, але нават прыбіраць мёртвыя дрэвы, расчышчаць дзялянкі. Ёсць тут і такія мясціны, дзе чалавеку не можна нават гукаць, страляць. Вось чаму ў непралазных гушчарах знаходзяць сабе надзейнае сховішча самыя розныя драпежнікі.
Тым часам дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Іншы раз яна падзялялася на дзве, тады дзядзька Пеця паказваў шафёру, на якую трэба было зварочваць. Машына, вуркочучы маторам, памалу прабіралася ўсё далей і далей углыб пушчы. Шчыра кажучы, і Сяргейка і Аленка адчувалі сябе тут не вельмі весела.
І вось у гэты час, не даязджаючы якіх два-тры кіламетры да зубрынага гадавальніка, і здарылася нечаканае і страшнае. Наперадзе, крокаў пятнаццаць ад машыны, нешта вялізнае, чорнае раптам мільганула і пераскочыла цераз дарогу.
Ніхто ў машыне не заўважыў, што гэта быў за звер. Следам за першым цераз дарогу мільгануў другі і трэці такі-ж чорны прывід. Потым яшчэ і яшчэ – і, толькі добра прыгледзеўшыся, людзі ў машыне нарэшце пазналі, што гэта былі… зубры. Так, так, самыя сапраўдныя зубры! Яны перабягалі дарогу з правага боку на левы і, крыху адбегшы, зводдалек спыняліся на невялікай лясной палянцы.
Дзядзька Пеця трывожна і занепакоена варухнуўся на сядзенні.
– Ох, каб на яго ліха! – ціха ўскрынуў ён, і з яго твару адразу знікла ўсмешка. – Як-жа гэта я забыўся! Сёння раніцай вартаўнікі выпусцілі з загонаў адзін зубрыны статак. Мы парашылі – няхай звяры пагуляюць па лесе, на волі, усё роўна яны нікуды з пушчы не пайдуць. І трэба-ж нам акурат…
Дзядзька Пеця збянтэжана змоўк, твар яго спахмурнеў. Тым часам машына зменшыла ход, і ўсе, хто быў у ёй, з заміраннем сэрца глядзелі ўлева, на палянку. Зубрыны статак на волі – гэта было цудоўнае, незабыўнае відовішча! На палянцы сабраліся і старыя зубрыхі, і маладыя зубраняты. Яны памалу хадзілі паміж рэдкіх маладых бярозак і скублі сакавітую траву.
Раптам дзядзька Пеця, скалануўшыся, схапіў шафёра за руку.
– Стой! – загадаў ён шэптам. Машына адразу спынілася і вакол стала ціха-ціха, толькі чуваць быў роўны і аднастайны шум пушчы. Дзядзька Пеця шапнуў: – Ні слова… Глядзіце наперад!..
І толькі цяпер усе ўбачылі дзіўнае відовішча – упоперак дарогі, крокаў за дзесяць ад машыны, нерухома стаяў велізарны зубр. Пагрозна апусціўшы ўніз сваю грывастую галаву, ён скоса пазіраў на машыну і не думаў сыходзіць з дарогі. Стаяў, час-ад-часу нездаволена фыркаў і пярэдняй нагой злосна драпаў зямлю, аж камякі яе ляцелі ўгору.
Магутнае тулава ляснога волата спераду было пакрыта густой цёмнакарычневай поўсцю. Ззаду ён быў танчэйшы, і ад гэтага ўся постаць звера выглядала стройнай, імклівай.
Усевалад Краўчанка
№5, 1957г.