Дачка мастака
— Мама! Я дома! — радасна вымавіла Вераніка, калі зайшла ў кватэру.
— Добра, я вельмі рада. Вераніка, а ты не хочаш мне нічога расказаць? — стрымана запытала мама.
— Пра што? У школе ўсё добра, адзнакі добрыя, вучыцца цікава,— залпам выдала дачка.
— Слухай, мне сёння з Нацыянальнага музея тэлефанавалі, расказвалі пра твой малюнак ёлкі.
— Дык і добра, значыць, ім ён спадабаўся, а настаўніца ў школе: “Вераніка, у цябе нейкая ня-правільная ёлка атрымалася”. Бачыце, а людзям падабаецца! — задаволена пракаментавала Вераніка.
— Гэта добра, “што людзям падабаецца”, але скажы, а як твой “няправільны” малюнак трапіў на конкурс? — з усмешкай спытала мама.
— Я падумала, калі на школьным конкурсе ўсе малюнкі ёлак будуць правільныя, то маю няправільную ёлку абавязкова заўважаць. І ведаеш, заўважылі! Яе сярод іншых адправілі на раённы конкурс, потым малюнак прайшоў гарадскі этап, і на рэспубліканскім я таксама заняла месца. І што самае цікавае, мамачка, мне прапанавалі з’ездзіць летам на мастацкі пленэр. Патлумачылі, што часопіс “Вясёлка” з Нацыянальным мастацкім музеем распачалі праект “Дзеці — у шэдэўрах мастацтва”. Яны будуць расказваць на старонках выдання пра карціны, на якіх ёсць дзеці. Іх можна ўбачыць у музеі.
— Гэта ўсё зразумела, але як ты трапіла ў гэты праект? — пацікавілася мама.
— Усё вельмі проста! Я сама запоўніла дакументы і адправіла іх па электронцы. Мяне і запрасілі паўдзельнічаць у праграме часопіса “Вясёлка-арт”. А летам мы паедзем на пленэр! — патлумачыла Вераніка.
— Слухай, а наша дачка дакладна вучыцца толькі ў трэцім класе? — задаў пытанне нібы сам сабе тата Веранікі. — Ты, мама, перад адыходам у школу правярай яе рукзак, а то яна з’едзе, а мы і ведаць не будзем,— выказаў сваю просьбу тата.
— Так, абавязкова, але чаму яны выбралі такую тэму: “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва”? — спытала мама.
— Нам патлумачылі, што намаляваць дзіця вельмі цяжка. Шматлікія жывапісцы імкнуліся адлюстраваць дзяцей, але яны больш нагадвалі мініяцюрныя копіі дарослых людзей. Далёка не кожны мастак можа напісаць дзіцячы партрэт. Вобразы дзяцей на палотнах — вялікае майстэрства. Дзіцячую непасрэднасць, асаблівасці характару, рухі, жэсты перадаць досыць складана. На такія карціны вельмі прыемна глядзець, а вось маляваць малых цяжка, бо прымусіць дзіця некалькі гадзін пазіраваць мастаку вельмі складана. Тым не менш, у вядомых мастакоў гэта выдатна атрымоўваецца. Усё намалявана настолькі праўдзіва і прыгожа, што проста немагчыма адарвацца, глядзіцца, нібы фота, — падзялілася атрыманымі ведамі Вераніка.
— Сапраўды, дзіцячыя вобразы ў жывапісе напоўнены дзіўным святлом. Яны кранальныя і далікатныя. Намаляваць дзіцячы партрэт вельмі цяжка. Увогуле, партрэт — выява чалавека альбо групы людзей, якія жывуць ці жылі ў рэальным жыцці. На партрэце малюецца знешняе аблічча (а праз яго бачна і ўнутранае святло) канкрэтнага, рэальнага чалавека. З якім мастаком вас ужо пазнаёмілі?— пацікавіўся тата дзяўчынкі.
— З карцінамі Уладзіміра Ягоравіча Макоўскага. Гэта расійскі мастак, выдатны майстар жывапісу. Нарадзіўся ў Маскве. Яго бацька быў адным з засна-вальнікаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Яго раннія, працы, невялікія па фармаце, прысвечаны клопатам і няхітрым радасцям «маленькага чалавека». Такія, у прыватнасці, карціны як “Гутарка. Ідэаліст і матэрыяліст”, “Аптыміст і песіміст”, “Кухарчыны госці”. Гэтыя тры карціны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску. Уладзімір Ягоравіч Макоўскі быў абраны прафесарам Акадэміі мастацтваў, таму і пераехаў у Пецярбург з Масквы. Ён таленавіта пісаў, рабіў ілюстрацыі для кніжак і часопісаў.
— А пра які яго партрэт вам ужо расказвалі? — спытала мама вучаніцы.
— Гэта прыгожы партрэт дачкі Уладзіміра Макоўскага Алены, які ён напісаў у 1880 годзе. Але ён не захоўваецца ўвесь час у музеі. Яго, як і іншыя карціны выставы «Рускі жывапіс XIX-XX стагоддзяў», прывёз расійскі калекцыянер Аляксандр Навумавіч Валадчынскі. Я нават сфатаграфавала гэту карціну.
— Прыгожая дзяучынка: касцюмы той эпохі, мяккія абрысы тварыку, выдатнае спалучэнне адценняў. Здавалася б, просты партрэт, але, тым не менш, гэта карціна вядома знаўцам у розных краінах свету. Мілыя светлыя кудзеркі, вялікія вочы, трохі сумныя або стомленыя, — гэтая дзяўчынка сапраўдная красуня! Стомленасць і незадавальненне выразна чытаецца на яе твары і проста не можа не крануць сэрцы гледачоў. Гэта яркі прыклад дзіцячай бесклапотнасці, які замілоўвае і выклікае ўсмешкі. Бачыце, як па-рознаму можна разгадваць вобраз дзяўчынкі, — пераказала словы настаўніцы Вераніка.
— Толькі чалавек, які шчыра любіць і разумее дзяцей, можа ствараць такія цуды. Летуценнасць і гарэзлівасць, сум і непасрэднасць нагадвае пра тое, што дзяцінства — гэта сапраўды шчаслівая пара. Такая карціна абуджае дзіўныя ўспаміны ў дарослых, — падсумаваў тата.
— Нам прапанавалі прыдумаць сваё апісанне, малюнак карціны і даслаць на электронны адрас рэдакцыі часопіса “Вясёлка”. Тых, хто прыгожа раскажа, чакаюць падарункі. Трэба паведаміць усім у класе, бо кожны можа даслаць адказ на пошту рэдакцыі Vyaselka2011@yandex.ru.
Анастасія Радзікевіч