На сваіх дваіх – да “БелАЗа” і “МАЗа”
Адкрыцці стагоддзяў
Хто з вас, сябры, зможа патлумачыць выраз “на сваіх дваіх”, той назаве найстаражытнейшы сродак для перамяшчэння, дадзены чалавеку самой прыродай. Адгадалі? Канечне, ногі! На іх рухаецца чалавек спрадвеку: і ў часы, калі пра іншы транспарт гаворкі не было, і цяпер, калі сродкамі перамяшчэння ў прасторы – наземнымі, падземнымі, паветранымі і нават касмічнымі – проста перагружана зямля.
Прыручыўшы жывёл, старажытны чалавек дадаў хуткасці руху. Вядома: што пехатой тэпаць, а што на кані скакаць – розніца вялікая! Але ж мары і фантазіі падштурхоўвалі людзей наперад. Ці задумваемся мы, чытаючы чарадзейныя казкі, што магутная казачная фантазія давала штуршок для развіцця інжынернаму мысленню чалавецтва? Спачатку людзі прыдумлялі нешта незвычайнае, а пасля ўжо вынаходзілі, як тое незвычайнае ўвасобіць у жыццё. Вось, да прыкладу, казачныя боты-скараходы. Ці не яны, завалодаўшы думкамі чалавека, пакрысе ператварыліся ў аўтамабіль?
Але ж “хутка казка кажацца, ды не хутка справа робіцца”. Каб казачныя фантазіі сталіся паўсядзённай рэальнасцю, тысячагоддзямі чалавек удасканальваў сваё майстэрства, выпрабоўваў вынаходніцтвы, эксперыментаваў. І былі ў гісторыі цывілізацыі рэчы, якія вызначалі яе развіццё. Да іх належыць і звыклае ўсім кола. Лічыцца, што вынайшлі яго больш за пяць тысяч гадоў таму ў Месапатаміі. Кола было проста качуркай, адпілаванай ад бервяна. Паступова яно ўдасканальвалася і набывала звыклы для нас выгляд.
Кола – гэта рух. Напачатку людзі дадумаліся паставіць на колы воз і сталі запрагаць у яго коней, валоў. У залежнасці ад прызначэння – для гаспадарчай працы альбо выездаў – з’яўляліся дрожкі, брычкі, лінейкі, карэты… Па рэйках на вуліцах гарадоў пакаціліся павозкі з запрэжанымі ў іх конямі. Гэта былі конкі для перавозкі пасажыраў. У Мінску першыя конкі з’явіліся ў 1892 годзе. Пасля людзі прыдумалі замену і коням – стварылі паравы рухавік. А вось вытворчасць першых аўтамабіляў на бензінавым рухавіку распачаў немец Карл Бэнц.
Ад той пары якіх толькі зменаў не адбывалася ў аўтамабілебудаванні! Удасканальваліся самі колы, рухавікі, кузавы. З механізмаў, прызначаных для перавозкі людзей, аўто ператвараліся ў гаспадарчыя, ваенныя машыны. Рухавікі працавалі ад пары, бензіну, дызелю, электрычнасці.
У нашай сям’і захоўваецца памяць пра нялёгкія гады працы адной з маіх бабуль – Амілі Масла – на трактары, які цепліўся дровамі. Такая вось тэхніка працавала на калгасных палях пасляваеннай Беларусі. А яшчэ адна стрыечная бабуля Ада Апанасенка ў вайну кіравала “трохтонкай” – грузавым аўтамабілем, які таксама працаваў на дровах. Аднойчы, каб давезці да шпіталя параненых, бабулі Адзе давялося спаліць уласную ватоўку, бо не хапала паліва.
Але за пасляваенныя часы шмат змянілася на нашай зямлі. З гонарам можна сказаць, што сучасная Беларусь мае аўтамабільны завод БелАЗ, заснаваны ў 1947 годзе ў горадзе Жодзіна. Ён уключаны ў сямёрку найбуйнейшых канцэрнаў свету па вытворчасці кар’ернай тэхнікі. Машыны БелАЗа працуюць больш чым у 50 краінах свету. Сярод іх – кар’ерны самазвал «БелАЗ 75600», сапраўдны волат. Толькі ўявіце сабе: важыць ён 240 тон, мае вышыню 7 метраў, даўжыню – амаль 15, шырыню – больш за 9 метраў і рухавік магутнасцю ў 3,5 тысяч конскіх сіл!
Яшчэ адно прадпрыемства, якім ганарацца беларусы, – МАЗ. З пасляваенных часоў і па сёння Мінскі аўтамабільны завод выпускае не толькі грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння, але і камфортныя аўтобусы, тралейбусы, прычэпы да легкавых аўтамабіляў…
Вось так беларусы, пачаўшы калісьці рух на сваіх дваіх, цяпер здзяйсняюць казачныя мары і пра боты-скараходы, і пра дапамогу ў працы волатаў-асілкаў.
А каб машыны былі людзям сябрамі, і кіроўцам транспарту, і пешаходам трэба засвоіць правілы дарожнага руху. Яны простыя і грунтуюцца на ўзаемнай павазе ўсіх. Варта паўтараць іх як найчасцей, а галоўнае – карыстацца імі, каб жыццё на вуліцах і дарогах заставалася бяспечным.
Ад Вясёлкіна заданне:
Сябры, дашліце ў рэдакцыю здымак першай машыны, якая з’явілася ў вашай сям’і. Можа, ёй кіраваў ваш дзядуля ці прадзядуля? Пераможца атрымае падарунак ад Алены Масла.
Алена МАСЛА