Парады доктара Айбаліта
Сябры, вось і надышло чаканае лета. Яно радуе нас сваімі цёплымі і сонечнымі днямі, прахалоднай рэчкай, чыстым лясным паветрам, уздымае настрой, бадзёрыць дух. Ды, каб летнія дні не пакінулі пасля сябе непрыемныя ўспаміны, трэба памятаць мае парады.
Доктар Айбаліт
Каб здароўе захаваць,
Сілу духу ўмацаваць, –
Знае кожная сям’я,
Што патрэбны рэжым дня.
Глядзець тэлевізар не варта да ночы.
Няўжо сапсаваць захацелася вочы?
Хіліцца не трэба ўлева і ўправа,
У школе і дома трымайце паставу.
Сніў мядзведзь пад елкай сон,
Што чытаць умее ён.
Хто б асмеліўся сказаць:
“Нельга лежачы чытаць”?
Забалелі ў бабра зубы.
Для яго хвароба – згуба.
З дрэў, галін, травы і гліны
Не збудуе ён плаціны.
Чысці зубкі, юны дружа,
Каб праз іх не занядужаць.
Дым узвіўся чорны і густы,
Палымнеюць дрэвы і кусты.
Мацнеюць полымя і жар,
Пачаўся жудасны ….. (пажар)
Вогнішчаў у лесе не паліце,
У злагадзе з прыродаю жывіце.
Сонца паліць моцна, асвятляе бор,
Ад спёкі нас ратуе галаўны ….(ўбор)
ЗАРАДКА
Што такое фізкультура?
«Фіз», і «куль», і «ту», і «ра».
Рукі ўгору, рукі ўніз –
Гэта «фіз».
Пакруцілі шыю, нібы руль –
Гэта «куль».
Скачам спрытна ў вышыню –
Гэта «ту».
І прайшліся ад бядра –
Гэта «ра».
Зараз размалюю
Нітку залатую,
Страчаную сонцам,
Што пячэ бясконца.
Сонечна на свеце,
І смяюцца дзеці.
Я люблю за гэта
Залатое лета.
Тэкст Алеся БАРАНОЎСКАГА
Для чытачоў “Каласавічка” прапануем заданне: напішыце, якія правілы вы выконваеце, каб заставацца здаровымі і дужымі? Аўтары лепшых адказаў атрымаюць у падарунак пілотны нумар “Бусі”!
Хочам падзяліцца з вамі радаснай навіной: ужо можна падпісацца на чытанку-маляванку для дашкольнікаў “Буся”! Падпісны індэкс для індывідуальных падпісчыкаў 00142, для ведамасных – 001422.