Драпежнік
Среда, 19.06.2019 10:49. Рубрика: Вершы
Скача-скача коцік шэры
Па фіранках, па таршэры –
Столькі шуму, быццам леў
У кватэры ашалеў.
Бах! – ушчэнт разбіта пляшка:
“Прыбяруцца, ім не цяжка!”
Бух! – на стол разліў алей
І шчасліва мчыць далей.
Скача-скача кот драпежны –
Як цунамі, непазбежны,
Гоніць статак антылоп
Проста тату на лэптоп!
Скок на кветку, скок на кніжку,
Скок на лазерную мышку:
Мыш – яна заўсёды мыш…
Не чапляйся, сам ты “кыш”!
Па сукенцы – скок на шыю:
“Мама сцерпіць, не чужыя!
Я парву, яна зашые”.
Коцік, з манітора злезь –
Ён цяпер у кашы ўвесь!
Разумею, нудна, сумна:
Ходзь сюды, ну, будзь разумны!
Я пагладжу, мы ж сябры…
Кіпці толькі прыбяры!
Я з табой пагутару…
Толькі злезь з камп’ютара!
Андрэй Хадановіч