Мамурык – абаронца галактыкі (паводле кнігі “Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў”)
Вторник, 27.03.2018 08:04. Рубрика: Літаратура
Уступ, у якім расказваецца пра тое, што…
Завуць яго мамурык. І шукаць яго трэба на планеце Мамурыя, дзе заўсёды жылі і, напэўна, жывуць і цяпер —мамуры. Да гэтага трэба
дадаць яшчэ адно. Калі я расказала пра яго знаёмай дзяўчынцы, яна адразу сказала,што мамурыкам яго завуць таму, што ён заўсёды знаходзіцца каля мамы. Але гэта няпраўда. Мама яго вечна непакоіцца: «Дзе ён? Дзе ён? Дзе ён?» І знайсці яго не так і проста.
дадаць яшчэ адно. Калі я расказала пра яго знаёмай дзяўчынцы, яна адразу сказала,што мамурыкам яго завуць таму, што ён заўсёды знаходзіцца каля мамы. Але гэта няпраўда. Мама яго вечна непакоіцца: «Дзе ён? Дзе ён? Дзе ён?» І знайсці яго не так і проста.Калі б нават нехта на ўвесь вялікі неабдымны Космас з усёй сілы крыкнуў: «А-у-у-у!» — мамурык наўрад ці адгукнуўся б.
Па-першае, ён мог быць недзе вельмі і вельмі далёка, а па-другое, ён настолькі заняты сваёй справай, што, здаецца, нішто не можа яго адарваць ад яе. Асабліва ў пару зоркападу.
У мамурыка ёсць пікі-пак. Ён нечым падобны да зямнога верталёціка, але кабіна ў яго ўся празрыстая.
Астранаўты на шматлікіх касмічных трасах нярэдка прымаюць яго за страказу і здзіўляюцца: «Адкуль узяцца страказе ў Космасе?!»
Але гэта проста пікі-пак. Так аднойчы назваў яго мамурык. Умамурыка ёсць сачок, амаль такі ж самы, якім усе дзеці на Зямлі ловяць матылёў. Ды мамурык матылёў не ловіць. Ён ловіць зоркі. Тыя самыя зоркі, якія нехта ў пару зоркападу назваў на Зямлі знічкамі. Таму што зоркі ў пару зоркападу ляцяць… Ляцяць… І знікаюць. І гэта няпраўда. Іх ловіць сваім сачком мамурык. І робіць ён гэта толькі дзеля таго, каб нідзе, ні на адной планеце, куды можа ўпасці непаслухмяная зорка, не ўзнікла пажару.
Калі пра гэта я расказала сваёй знаёмай дзяўчынцы, яна адразу сказала:
—Ах, ды ён жа не проста мамурык! Ён жа яшчэ і міжпланетны Пажарнік!
І я пагадзілася з ёю. Мамурыка сапраўды можна назваць міжпланетным Пажарнікам. І я зараз раскажу першую аповесць пра яго. Але на нейкі час забудзем пра мамурыка, таму што аповесць пачынаецца з расказу пра крата Бутуза.
Знаёмства з катом Бутузам
Ён быў неверагодна тоўсты, гэты крот Бутуз. Ну проста да агіднасці. І ніколі нічога не ўмеў рабіць, ды і не хацеў. Ён толькі ляжаў на канапе ў вялікім падземным пакоі, дзе не было і не магло быць ніводнага акенца. Але там, дзе павінны былі быць акенцы, гарэлі
каляровыя ліхтарыкі. І нейкая маленечкая істота, з тых, каго хлопчыкі і дзяўчынкі на Зямлі завуць казяўкамі, памахвала перад кратом Бутузам веерам, зробленым з лёгкіх пёркаў, а крот Бутуз незадаволена крактаў:
— Як усё надакучыла! Страшэнна надакучыла!.. А-а-а-а…
Тады маленечкая Казяўка прыкрывалася веерам і таксама незадаволена сіпела:
— Мне тым больш даўно ўсё надакучыла! Немагчыма трываць!
І яна шырока, нібыта нечаму здзіўляючыся, раскрывала свае вочкі. А крот Бутуз працягваў злосна плакаць, і тады да яго
падыходзіла маці і пачынала суцяшаць, як магла:
— Сынок! Мілы мой! Ты б не ляжаў на гэтай цвёрдай канапе. Ты падняўся б на паверхню. Я толькі што пракапала новую шахту. Гэта
зусім недалёка. Ты не стомішся. Але затое там вельмі цёпла. Зямля пад сонцам прагрэлася і столькі на ёй кветак, што нават у мяне ад іх дух мянага паху закружылася галава.
Прыблізна гэтыя ж словы сказала маці крату Бутузу і ў той дзень, калі ў яго быў асабліва дрэнны настрой.
— У цябе, маёй старой маці, адразу закружылася галава! —праз слёзы закрычаў крот Бутуз. — Ты гаворыш, на зямлі многа кветак, а я ўсё роўна іх не змагу пабачыць! Я ніколі нічога не бачу! Усе краты нічога не бачаць! А-а-а-а…
І крот Бутуз закрычаў так страшна, што маленечкая Казяўка з жахам прыціснулася да сцяны. А маці прысела на канапу побач з кратом Бутузам і сказала:
— Супакойся. Ты нічога не бачыш, але затое можаш чуць. Да прыкладу, я сёння пачула, што дзяўчынцы, у якой вельмі ласкавы
голас, купілі гумовую лодку. І яна разам з татам хутка паедзе да мора.
— А-а-а-а! — яшчэ больш страшна зарумзаў крот Бутуз.
— Дзяўчынцы, у якой вельмі ласкавы голас, купілі гумовую лодку, а ў мяне толькі гэтая цвёрдая канапа!
Маленечкая Казяўка на ўсялякі выпадак схавалася за цяжкую шэрую шторку, якой была прыкрыта сцяна. А маці паабяцала:
— Супакойся. Я куплю табе матаролер.
І нечакана для маці, а яшчэ больш нечакана для Казяўкі, якая выглядвала з-за шторкі, крот Бутуз паслухаўся. Ён падняўся з
канапы, і маленькая Казяўка хуценька падала яму сандалеты, а да іх яшчэ і саламяны капялюшык, абвязаны шырокай ружовай стужкай. Да стужкі быў прымацаваны прывабны букецік з папяровых кветак. І кожны сказаў бы, што такі капялюшык можа насіць толькі дзяўчынка, а не нейкае там капрызлівае стварэнне. І Казяўка ведала пра гэта, таму што з’едліва прашаптала:
— Ах, якая розніца, для каго гэты капялюшык! Усё роўна нічога не бачыць гэты крот Бутуз.
— Цыц! — прыкрыкнула на Казяўку маці і, узяўшы крата Бутуза за лапу, павяла яго па доўгіх, цёмных і вузкіх калідорах туды, дзе
была шахта.
І яны пачалі паднімацца наверх.
Паднімаліся яны ў невялікай кабінцы, зробленай з гнуткіх лазовых дубчыкаў. І падняліся вельмі хутка, але нягледзячы на гэта,
крот Бутуз, як толькі выйшлі з кабінкі, сказаў цяжка:
— Ву-у-у-ух! — і сеў на вялікую грудку зямлі. — Хачу малака! Хачу нечага халоднага-халоднага!
Крот Бутуз не любіў слухацца, а любіў патрабаваць.
— Я зраблю табе малочны кактэйль, — сказала маці і знікла.
Крот Бутуз застаўся адзін. І яму адразу стала сумна. Так сумна, што ўсялякі хлопчык альбо дзяўчынка ў гэты момант абавязкова
сказалі б:
— Так сумна бывае толькі тады, калі нехта не ўмее, альбо не хоча бачыць цікавых рэчаў вакол сябе.
Праўда, гэтыя словы не могуць тычыцца крата Бутуза, таму што ён ніколі нічога не бачыў. А яго самога, менавіта ў гэты момант, калі
ён сеў на вялікую грудку зямлі, пабачыў міжпланетны Пажарнік, але гэта ўжо наступная частка аповесці.
Раіса Баравікова










