Сярожка і дарожка
Среда, 28.02.2018 10:59. Рубрика: Вершы
Надакучыла Сярожку
Цэлы дзень ляжаць у ложку.
Тата ходзіць, мама ходзіць, –
Дык і мне пайсці не шкодзіць!
Тут і клікнула Сярожку
Непаседніца-дарожка –
І ад ложка да парога
Павяла ў жыццё малога.
Свята тату, свята маме,
А ў Сярожкі – быццам самі,
Быццам самі без Сярожкі,
Беглі, беглі, беглі ножкі.
Васіль ЗУЁНАК