Усе фарбы “Вясёлкі”
Валянціна ЧЭПІК нарадзілася ў 1955 годзе. Яна адна з лепшых беларускіх мастачак, якая працуе ў кніжнай графіцы. Больш за
трыццаць год супрацоўнічае з “Вясёлкай”. Лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі (2012).
Яе бацька, Міхаіл Чэпік, быў мастаком-дэкаратарам у Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Таму дзяцінства яна праводзіла за кулісамі, гуляла з тэатральным рэквізітам і прыдумляла свае спектаклі. З тых часоў яе любімыя кампазітары – Агінскі і Равэль.
Па адукацыі Валяніцна Чэпік архітэктар, але маляванне яркіх, сюжэтна-займальных ілюстрацый вабіла больш. Тагачасны мастацкі рэдактар “Вясёлкі” Яўген Ларчанка запрасіў да супрацоўніцтва. У часопіса з’явіўся новы адметны мастак. У творах спадарыні Валяніцны адчуваецца рух і дынаміка. Кожная ілюстрацыя ўспрымаецца, як самастойнае апавяданне ў малюнку. Асабліва яна любіць маляваць свавольных, вясёлых дзяцей і камічных дарослых. З вялікай ахвотай (ізноў жа дзякуючы Яўгену Ларчанку) працавала ў мультыплікацыі.
Сярод яе работ адны з самых запамінальных – карты Беларусі. Кожная карта – новая тэма: раслінны і жывёльны свет, кульура, помнікі краіны. Многія дзеці адкрывалі для сябе Радзіму, дзякуючы гэтым малюнкам.
Сёння Валяніцна Чэпік, прыгадаўшы аб сваёй архітэктурнай адукацыі, займаецца праектамі прыватных забудоў, а графіку пакідае для душы.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК