Берасцяны горад
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Увесь чарговы рэйс ад казкі да казкі Толік і Алеся бавіліся з планшэтам. На экране будавалі свой дом. Відаць, збіраліся ў ім жыць, бо вельмі ж зацікаўлена меркавалі, якія мець дзверы, вокны, дзе будзе сталоўка, спальня. На другім паверсе планавалі гасціную з дыванамі, тэлевізарам, настольным хакеем.
Казачніку цікава ведаць, як Толік і Алеся ўяўляюць свой дом. Ён радаваўся, што яго пасажыры выбралі такую добрую гульню. Але ж крыху і крыўдаваў.
“Опель” пралятаў над чароўнымі ляснымі пейзажамі. Дрэвы здаваліся то стройным войскам, то зялёнымі кучаравымі хвалямі, то раптам расступаліся перад блакітным дываном возера і зноў збягаліся, накрывалі зямлю сваім верхавіннем. Гэтай прыгажосці не бачылі Толік і Алеся. Ці то наглядзеліся ўжо, ці то важней для іх стала ўзвядзенне свайго дома? А мо ўжо засумавалі па бацьках, дамашняй звычнай утульнасці?
Казачнік вырашыў зрабіць сюрпрыз і накіраваў крылатага “Попеля” ў старадаўняе Бярэсце.
– Прашу вас у казку даўніны! – аб’явіў Казачнік, як толькі яны прызямліліся каля вялізнага шклянога купала.
Толік і Алеся не адразу паверылі, што вось так адразу, у рэальным часе, могуць перанесціся на тысячу гадоў назад. Тысячу гадоў! Якімі тады былі нашы продкі, як жылі, што ўмелі рабіць?
Калі спусціліся ў старажытнае паселішча, якое размяшчалася на глыбіні сямі метраў, на ўсіх дыхнула такой даўніной! Рэшткі драўляных пабудоў, што адкапалі археолагі, надавалі рэальнае ўяўленне, як жылі берасцейцы. Хаткі, зрубленыя з тонкіх бярвенняў, стаялі шчыльнымі радамі. Вузкія вуліцы вымашчаны тонкімі круглячкамі і колатымі дошкамі.
Толік і Алеся зазірнулі ў акенца адной хаткі.
– Вой, якая маленькая… Дзе ж яны тут спалі?..
– Ага, вунь печачка, а трубы няма… Што, дым у вокны выходзіў?..
– Гэтыя людзі ўжо ўмелі багата чаго рабіць, – сказаў Казачнік і павёў сваіх вандроўнікаў па старажытнай маставой да музея. – Паўзірайцеся ўважліва ў знаходкі археолагаў ды пастарайцеся зразумець нашых продкаў…
Кавальскі молат, ювелірныя пінцэты, прабойнік ужо гаварылі, што сярод берасцейцаў жылі майстры па кавальскаму і ювелірнаму рамяству.
– А во, бачыце, – рыбалоўныя кручкі, блешні, астрогі! – як заўзяты рыбак, зазначыў Толік. – Умелі рыбачыць!
Алеся прыкмеціла ажурныя металічныя пацеркі, металічныя бранзалеты, пярсцёнкі, шпількі, спражкі.
– Дзяўчаткі і тады ўпрыгожваліся, – захоплена вымавіла яна, зірнуўшы на Толіка. – Відаць, хлопчыкі майстравалі для іх усё гэта…
Казачнік як бы незнарок усё болей і болей распальваў цікаўнасць.
– Зірніце, што яны ўмелі рабіць з дрэва!.. Рыдлёўкі, граблі, вёдры, ступы, таўкачы, колы, вёслы, лыжкі, міскі, чарпакі…
Уражвалі вырабы з гліны, каменю, жалеза, шкла, костак. Археолагі знайшлі шахматную паясную фігурку караля. Зухаваты дзядок з вусамі і бародкай, у цыліндрычнай шапцы, трымае ў правай руцэ посах і строга пазірае лупатымі вачыма, як бы хоча сказаць: “Не дайце мяне ў крыўду, абараніце на шахматным полі”.
Толік і Алеся надоўга затрымаліся каля дзіцячых цацак. Дык вунь яны якія! Скураныя мячыкі. У якія гульні з імі гулялі даўнейшыя дзеці? А во – лодачкі з сасновай кары. Відаць, вясной пускалі па ручаях. Драўляныя точаныя яечкі, выява воіна на камені, ігральныя косці-кубікі з ямачкамі на кожнай грані – усё гэта дзівосы тысячагадовай даўніны.
Ды найбольш уразіў Толіка і Алесю самшытавы грэбень. На абодвух яго баках выразаны трынаццаць літар тагачаснага алфавіта. Можа, гэта і ёсць першы буквар беларусаў?!
Знойдзены пісалы, своеасаблівыя палачкі для пісьма па навошчаных дошчачках. З такіх дошчак можна было скласці цэлы блакнот. Ідзі з ім у школу!
Казачнік падсумаваў убачанае:
– Так развівалася старажытнае Бярэсце. Людзі жылі, хацелі вечнасці. Іх жаданні ўвасобіў сучасны, квітнеючы Брэст.
Вандроўнікі выйшлі з музея. Вакол – велічная Крэпасць-Герой. Гарэў вечны агонь. Мяняўся ганаровы каравул. Трывожна, на ўсё маўклівае наваколле, цікаў радыёгадзіннік.
Казачнік запытаў:
– А вы запомнілі надпіс на старажытным грабеньчыку?
– Неяк не па-нашаму напісана, таму і не зразумеў усе словы, – прызнаўся Толік.
– Я запомніла слова “живете”, – сказала Алеся.
– Правільна! Наказ продкаў гучыць так: “Живете, зело Земля, иже, како Люди”. Падумайце, чаго яны хацелі ад нас, што жадалі нам?
Уладзімір ЛІПСКІ