Светлая, добрая казка
Крышку пра кніжку
Так, гэта бясконца светлая, бясконца добрая казка пісьменніка Ганада Чарказяна – “Чык-Чырыка і Мурлыка”. Казка пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пераклад ажыццявіў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
Аб чым яна, гэтая казка? Маленькае птушанятка, верабейка, аслухалася бацькоў (перамагла цікаўнасць!), выбралася з утульнага гняздзечка і сарвалася з даху, а калі расплюшчыла вачаняткі, убачыла перад сабою ката Мурлыку. Ён не з’еў птушанятка, а забраў да сябе ў дом.
Чык-Чырыка здзіўляе кацяня дабрынёй да іншых, і Мурлыка перамагае сваю драпежнасць. Аднойчы і яму спатрэбілася дапамога. Чык-Чырыка не пакідае занямоглага Мурлыку сам-насам з хваробай, а старанна даглядае яго, лекуе.
Вось пра гэта нечаканае сяброўства і сумесныя прыгоды апавядаецца ў творы Ганада Чарказяна.
Дар’я ЛЁСАВА










