ЦІКАВІНКІ АД БУЛЬБІКА І ЖУРАВІНКІ
9. Куды падзеліся рогі
Лось Савось згубіў рогі. Ён стаяў на беразе рэчкі і разглядаў сябе ў вадзе, як у люстэрку. Савось варушыў вушамі і час ад часу ўздыхаў: з рагамі ён выглядаў куды больш важна!
Раптам пачулася вур-ка-цен-не матора і вясёлая гамана. На ўзлесак выехаў са-ма-лё-цік — са-ма-хо-дзік, а ў ім – цэлая кам-па-ні-я дзяцей!
– Пры-ві-тан-не, Савось! – за-кры-ча-лі яны. – Хадзі сюды, па-зна-ё-мім з Бульбікам!
– Не магу, – за-сму-ча-на сказаў Савось. – Я рогі згубіў…
– Той бяды! – усклікнуў Бульбік. – Я чытаў, што ласі штогод рогі мяняюць! І ў цябе новыя адрастуць!
– Гэта праўда, – азваўся Савось. – Але я свае рожкі хацеў зберагчы на памяць. Павесіў бы на елцы і сушыў бы на іх грыбы. Але ж збіраў па балоце абабкі на грыбную поліўку, за-кру-ціў-ся і месца, дзе рогі пакінуў, не знайшоў. Ой! Я ж грыбы пакінуў на балоце…
Савось подбегам кінуўся туды, дзе забыўся грыбы.
– Вяртайся да нас кісель піць! – за-кры-ча-лі яму наўздагон.
10. Знаёмства з “пажарнымі”
Дзеці за-чэрп-ну-лі з рэчкі вады, расклалі на ўзлеску вогнішча і пачалі гатаваць кісель у паходным чыгунку, які самалёцік-самаходзік заўжды вазіў за сабой.
Зводдаль за дзецьмі назіралі Эрва і Шэрва, ба-лот-ны-я вужакі. Яны шыпелі:
– Ш-ш-ш-што чыняць, ш-ш-ш-то твораць! А як ш-ш-шасне агонь на дрэвы! Ды на с-с-сухую траву! Згарым! Паж-ж-жар!
– Рох-рох-рох! – азваўся дзік Хведар. Ён бег ускрай балота, пачуў шыпенне Эрвы і Шэрвы і на-па-ло-хаў-ся пажару. – Пайду су-праць-па-жар-ну-ю траншэю вакол вогнішча выкапаю. Можа, мяне кісялём за гэта па-ча-сту-юць!
Дзіка Хведара пачуў барсук Лёнік. І яму кісялю за-ха-це-ла-ся. Барсук не горш за дзіка зямлю рыць можа. Таму і ён да вогнішча падаўся, на-зваў-шы-ся па-жар-ным.
Пажарныя вырылі траншэю, і іх ахвотна прынялі ў кам-па-ні-ю. Бульбік дастаў фо-та-а-па-рат і фа-та-гра-фа-ваў новых знаёмых, а сястрычкі Бруснічкі з Журавінкай тым часам налівалі кісель у кубачкі з жа-лу-до-вых шапачак і падавалі сябрам ды новым знаёмым. Усім было весела і смачна! Для Эрвы і Шэрвы таксама кісялю налілі і паставілі кубачкі ў траве – няхай па-ла-су-юц-ца.
11. Лось Савось вяртаецца з прапажай
Раптам за-тра-шча-лі кусты, і на ўзлесак выскачыў лось Савось. У губе ён трымаў плецены кошык, да краёў поўны абабкаў. А на іх ляжалі ласіныя рожкі!
– Знайшоў! Знайшоў! – ажно танцаваў Савось ад радасці. – На адной купіне кош з грыбамі, на другой – мае рожкі! Як я іх не бачыў!
Кісель Савосю да-зво-лі-лі дапіць проста з чыгунка. Лось і донца вылізаў, так смачна яму было! Свет стаў мілы, старыя знаёмыя і новы прыяцель Бульбіка падаліся Савосю най-леп-шы-мі ў свеце сябрамі.
– Можа, грыбную поліўку згатуем? – пра-па-на-ваў ён. – Кісель смачны, але ж ма-ла-ва-та на ўсіх. Толькі раздражніў ім апетыт!
Ну хто ад поліўкі ад-мо-віц-ца! Журавінка і сястрычкі Бруснічкі ўзяліся пе-ра-бі-раць грыбы, сябрукі Буякі кі-ну-лі-ся збіраць трэсачкі на вогнішча, Савось вы-пра-віў-ся да рэчкі – памыць чыгунок і прынесці вады. А Бульбік дастаў блакнот і сеў запісваць свае на-зі-ран-ні з кароткай вандроўкі па балоце і ўзлеску.
Рэцэпт грыбной поліўкі
1. Узяць маму, тату, бабулю (ці каго іншага з дарослых) у дапамогу.
2. Падрыхтаваць 50 г жытняга хлеба, 25 г сушаных грыбоў, 1 моркву, 1 цыбуліну, 1 сталовую лыжку тлушчу, 1 чайную лыжку тамату-пюрэ, 1,2 л мяснога булёну, 0,5 шклянкі смятаны, соль.
3. Загадзя замочаныя сушаныя грыбы адварыць, булён працадзіць праз складзеную ўдвая тканіну, грыбы нашаткаваць. Жытні хлеб нарэзаць лустачкамі, падсушыць у духоўцы, змяльчыць, заліць невялікай колькасцю гарачага булёну, накрыць, пачакаць, пакуль астыне. Пасля гэтага хлеб працерці праз сіта, змяшаць з рэштай мяснога булёну, уліць грыбны адвар. Абсмажыць на тлушчы дробна парэзаныя моркву і цыбулю разам з таматам-пюрэ, пакласці ў булён, які кіпіць. Дадаць падрыхтаваныя грыбы, соль, варыць 7—10 хвілін. Падаць поліўку са смятанай. Смачна есці!
Працяг гісторый у наступным нумары
Алена МАСЛА