Чароўны куфэрак
Беларусь
Беларусь мая слаўная, мілая!
Як цудоўна, што я тут жыву!
Ганаруся сваёю Радзімаю,
Сваё месца ў жыцці тут знайду!
Тут сталею, расту і вучуся,
Сваю школу люблю і сям’ю.
І прыродаю я ганаруся.
Тут шчаслівы, вясёлы жыву.
Данііл САВЕЛЬ,
Воранаўскі раён.
Снег
Быццам мяккія пярынкі,
Разгуляўся белы снег.
Нібы ў вальсе, ўсе сняжынкі
Кружаць ціха, пакрысе.
Белы снег, такі пушысты,
Вельмі светлы і іскрысты,
Ён ляціць над намі,
Над чыстымі палямі.
Маргарыта КАСЦЮКЕВІЧ,
Воранаўскі раён.
Дождж
Бег дождж праз лес, праз поле,
Бег хутка ён даволі.
Бег па лясной сцяжынцы
Дождж, падкасаўшы джынсы.
Відаць, спяшаўся дужа.
Па рэчцы бег, па лужах,
Па даху, па акне…
Дождж даганяў мяне.
Маша МІХАЛЁВА,
г. Мінск, гімназія-каледж мастацтваў.
Касалапы
Казка
Жыў-быў мядзведзь па мянушцы Касалапы. Кожны дзень хадзіў ён па лесе, шукаў мёд. Вельмі ж любіў гэты ласунак мядзведзь! І вось аднойчы, блукаючы па лесе, Касалапы пачуў знаёмы гуд. “Пчолы!” – здагадаўся ён і сапраўды натрапіў на дрэва, дзе жылі пчолы. Касалапы быў выхаваным мядзведзем, таму ветліва папрасіў:
– Паважаныя пчолы, ці не маглі б вы даць мне крышачку мёду?
Насустрач вылецела Каралева Пчала і сказала:
– Паглядзі, Касалапы, наша дрэва засыхае. Нанасі вады, палі яго – і будзе табе мёд.
Хоць ленаваты быў Касалапы, але адразу ж узяўся за справу, бо ведаў прымаўку: “Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы”.
Ён добра паліў дрэва, якое адразу ж павесялела і зашамацела лісточкамі. А Каралева Пчала вынесла Касалапаму поўнае вядзерца мёду.
Каб вы ведалі, якім жа смачным быў той мёд!
Андрэй Мельнік,
г. Барысаў, СШ № 10.
Мой гадаванец
У мяне ёсць гадаванец – трус Пушок. Ён вельмі мяккі і пушысты, таму і далі яму такую мянушку. Ён любіць траву і зерне. Пушок шэры, мае доўгія вушы і вельмі вострыя зубы. Аднойчы звер прагрыз клетку і вылез. Доўга мы з татам заманьвалі Пушка ў клетку рознымі прысмакамі, і ўрэшце ён вярнуўся ў свой дамок. Мы з братам вельмі любім нашага гадаванца, даглядаем яго і часта частуем морквай.
Кірыл КАВАЛЕЎСКІ,
Гродзенскі раён.