Белая варона
Там, дзе хвоі вісне крона
Зверху, абымшэлая,
Пасялілася варона,
Ды якая! – белая.
Дзе ўзяла сабе акраску,
Раскажу пра тое казку.
Бусел белы жыў на дубе,
Клекатаў заўжды на ранку.
Ён у дуба густым чубе
Змайстраваў сваю буслянку.
З усяго сюды ваколля
Нёс-валок сухое голле.
А зайздросніца варона,
Што чарней была ад сажы,
Пазіраючы здзіўлёна,
Нейк буслу такое кажа:
– Ты увесь, як снег той, белы,
І таму такі няўмелы.
Бо чысцюля, – дзе ні ступіць,
Дык запэцкацца баіцца.
Вось хаціну ладзіць рупіць,
А яна наскрозь свіціцца.
Што скажу я, браце мілы,
Падчарніў бы трохі крылы.
І тады б спарней работа
У цябе, лайдак, пайшла.
Не баяўся б ты балота,
Не запэцкаў бы крыла.
Спрытна б дзюбаю чырвонай
Ў твані боўтаўся ягонай.
І задумаўся тут бусел,
Што варона праўду кажа,
Што зусім яна не хлусіць.
Ды дзе возьмеш тае сажы?
І парадай акрылёны,
Ён пытаецца ў вароны:
– Ты скажы, кума-суседка,
Дзе дабыць той фарбы чорнай,
Каб лятаць мне неўпрыкметку
Над зямлёй і ноччу зорнай?
Каб палезці смела ў багну,
Дзе лавіць я жаб так прагну.
А вароне – не здзівіцца
Гэтай буславай размове,
Бо яна з ім падзяліцца
Фарбай чорнаю гатова.
Ёй даўно на чорных крылах
Фарба тая апастыла.
Дзе ні лётаеш – усюды
Скмеціць тут жа вока злое,
І ганяюць, як прыблуду,
І шальмуюць, што якое.
Век патайна ёй карцела
Быць не чорнаю, а белай.
– Я табе той фарбы, – кажа, –
Пасаблю дабыць, мой мілы,
Вунь над комінам, дзе сажа,
Размахні уранку крылы.
Толькі будзь, браток, праворны,
І адразу ж – станеш чорны.
А вось мне дай за падказку
Белай фарбы, што сам маеш,
І ў прыдачу яшчэ вязку
Ты вужакаў атрымаеш.
Я знянацку захацела
Быць не чорнаю, а белай.
І вароне кажа бусел:
– Навучу цябе, сястрыца,
Як быць з намі у хаўрусе
І як трэба падбяліцца.
Паляціш на луг зарана,
Што ахутаны туманам.
Там над белым кураслепам
Палятай, як толькі ўмееш,
І павер мне: гэтым летам
Ты прыкметна пабялееш.
Абняліся, кожны рады
За дарэчныя парады.
Дачакаўся бусел дыму,
Што над комінам узвіўся,
Закружыў – і, як магчыма,
Крыллем знізу падчарніўся.
І ўжо з большаю ахвотай
Пачаў лётаць на балота.
Не баіцца там забрудзіць
Свае згорнутыя крыллі.
І за працу яго людзі
Яшчэ болей палюбілі.
І цяпер, дзе толькі хоча,
Ён гняздуе і клякоча.
А варона так умела
У тумане палятала,
Што адразу з чорнай – белай,
Дужа ўсцешаная, стала.
Да суседак паляцела,
Іх парадаваць хацела.
А яны яе дубасіць
Пачалі, было, штосілы.
Як жывая засталася,
Ледзь адтуль панесла крылы.
І цяпер варонню зграю,
Як пабачыць, аблятае.
Там, дзе хвоі вісне крона
Зверху, абымшэлая,
Пасялілася варона.
І смуткуе –
Белая.
Ах, чаму ж дурной была
І паслухала бусла!
Мікола МЯТЛІЦКІ