Міро
З любой рэчкі можна было піць ваду. Сады цвілі, гароды раскашаваліся. Садавіна і гародніна расла крамяная і здаровая. Згода і
лагода ў прыродзе трывала, пакуль…
Прыйшлі міліяратары, і пачалася вайна з зямлёй. А да гэтага вадавоз ці, дакладней сказаць, ваданос Міро вазіў на сваіх плячах стаўбун з крынічнай вадой на базар ды прадаваў маленькімі конаўкамі. Браў свой тавар Міро з найбліжэйшай крыніцы, а казаў, што даводзіцца хадзіць далёка, бо паблізу жывуць няхлюі і засмечваюць крыніцу.
Ля базару была таксама крыніца – колькі крокаў ступі, нагніся, вадзе пакланіся ды пі. Але Міро меў сталых пакупнікоў. Яны ведалі, што выратоўца ад смагі возіць ваду з далёкае крыніцы, і называлі яе крыніцай Міро.
Вада карміла Міро і ягоную сям’ю. Сыць не брала, але і голаду не было. Базарнікі любілі Міро, разлічваліся за ваду хто чым. Іншым разам і прадуктамі.
Усё гэта бачыў Мансур. Рознае казалі пра гэтага багацея. І такое, што нібыта атрымаў ён спадчыну ад нейкіх продкаў. Грошай хапала Мансуру, аднаго не хапала – славы. Яе ён і прагнуў.
І прыйшла ў галаву Мансуру, як здавалася яму, геніяльная думка – пракласці ад крыніцы Міро да базару трубы ды па іх пампаваць ваду. У канцы трубы вырашыў паставіць чалавека, які браў бы плату за ваду. І тады Мансур – гаспадар на базары. Але сквапны заўсёды перахітрыць сябе самога. Ніхто нідзе не чуў і не бачыў, каб людзі пілі ваду з крыніцы за плату. Не па душы гэта сталася курдам. Зусім іншае – Міро, ён жа з далёкае крыніцы пастаўляў ваду, стараўся, працаваў…
Ці сквапнік угнявіў Бога, ці людское абурэнне з берагоў выйшла, але Мансур так і не прычакаў завяршэння пачатаму. Уклаўшы ў трубы ўвесь свой набытак, саматужны прамысловец памёр… Нават меркавалі, што да смерці Мансура датычны Міро. Хто верыў, хто не. Ды болей за ўсё пакутаваў сам Міро. Да старасці яму было ўжо недалёка, а Мансура не меў ні за ворага, ні за канкурэнта. Ворагамі былі трубы, якія ваданос ніяк не мог пакараць.
І калі ўсё ж праз колькі гадоў давялі трубы да базару, гожа акаймаваную крынічку нараклі імем Міро. Ніхто ўжо не памятаў багацея Мансура. Мабыць, праз тое, што хацеў браць плату за ваду, якая сама сябе несла людзям…
А Міро ў дзень адкрыцця крыніцы напоўніў свой стары стаўбун халадзюткай вадой і папраставаў на могілкі, дзе быў пахаваны Мансур. Кажуць, што на вечным пасельбішчы Міро заплакаў і выліў конаўку вады спачатку на магілу Мансура, потым на суседнюю. Потым ціха мовіў:
– Табе так хацелася вадзіцы з маёй крыніцы, і мроя твая збылася. А за ваду плату ніхто не бярэ… Толькі за працу…
Нібыта з таго дня Міро ўжо болей не хадзіў да сваёй крыніцы… Адно часцяком паўтараў:
– Добрую справу трэба пачынаць з чыстым сэрцам. А калі шчыра казаць, удзячны я Мансуру за лёгкую старасць…
Ганад ЧАРКАЗЯН
З курдскай мовы пераклаў Рыгор БАРАДУЛІН










