Акула Марта і Маленькі Крабік
Урывак з аповесці-казкі
Акула Марта рэдка выплывала з-пад свайго ўтульнага рыфу. Яна не была адной з тых страшных вялікіх рыбін, што наводзяць жах на людзей. Марта не ела аніякага мяса – была вегетарыянкай і вырошчвала каля свайго дамка пад рыфам марскую капусту. Але пра гэта ніхто не ведаў, і таму акула Марта не мела сяброў. Як толькі яна з’яўлялася на рыфе, усе рыбы, крабы і нават медузы хуценька адплывалі далей, шэпчучы напалохана: “Акула! Акула!” Так і жыла Марта ў адзіноце, і нават на дзень нараджэння ніхто да яе не прыплываў.
Акула Марта вельмі любіла сонца. Раніцай, калі ніхто не бачыў, яна падымалася да паверхні, заплюшчвала вочы і проста лавіла ўсім целам цёплыя промні, што праходзілі скрозь ваду. У такія моманты яна адчувала сябе шчаслівай.
Аднойчы Марта затрымалася на паверхні незвычайна доўга. Калі вярталася дадому, перапалохала ўсіх рыбак, медуз і крабаў. Але адзін Крабік так і застаўся сядзець на пяску каля каралаў.
– Добры дзень! – сказаў Маленькі Крабік.
– Д-добры, – здзіўлена адказала акула Марта. – А чаму ты не хаваешся ад мяне? Ты што, мяне не баішся?
– А чаму я павінен цябе баяцца?
Марта здзівілася яшчэ больш.
– Я акула, і ўсе думаюць, што я іх з’ем. Таму ўсе ад мяне хаваюцца.
– Але ж ты нікога з іх не чапаеш, так? – падхапіў Крабік.
– Не. Я ем толькі марскую капусту. А яшчэ… – Марта крыху памарудзіла. – Яшчэ ў мяне зусім няма сяброў.
Крабік усміхнуўся.
– Ну, можаш лічыць, што цяпер ёсць – давай з табой сябраваць!
– Давай! – радасна пагадзілася Марта.
На наступны дзень маленькі Крабік плыў на спіне акулы – разам грэцца на сонейку.
Валерыя РАДУНЬ