Грошык і таямнічы кошык
1.Свежая капейка
Жыў-быў Грошык.
Чакайце, чаму жыў-быў? Ён жа і цяпер жыве і будзе жыць з людзьмі, колькі ўстаіць свет.
А яму, нашаму беларускаму Грошыку, дужа багата гадоў. Толькі давайце адразу зразумеем, усвядомім, што грошы і Грошык – не зусім адно і тое ж.
Першыя манеты яшчэ да нашай эры з’явіліся ў Грэцыі і Рыме. Да гэтага гандляры карысталіся рознымі менамі. Я табе дам солі, а ты мне – шкуркі звяроў. Я табе – зерне, а ты мне – дарагіх каменьчыкаў для дзявоцкіх убораў. А тады ўжо прымянялі грошы.
Не паверыце, у старажытным Полацку хлопчыкі пайшлі лавіць рыбу на Заходнюю Дзвіну. На беразе пачалі шукаць для нажывы чарвякоў. Капанулі. А там… скарб. Ажно дваццаць кілаграмаў арабскіх дырхемаў. Дык што вы думаеце, гэтыя чужынскія манеты таксама былі ў хаду на нашай зямлі. Чаму? А таму, што па цяперашняй Беларусі праходзіў некалі водны гандлёвы шлях. Ён называўся “з варагаў у грэкі”. І нашы гандляры-мянялы аддавалі свой тавар за розныя грошы – дырхемы, дынары, пфенінгі.
Пазней на Беларусі, а гэта гадоў шэсцьсот назад, з’явілася і ўласная валюта – грош. Вось з тае пары і аб’явіўся Грошык, пра якога цяпер наша казка.
Грошык як бы гаспадар над грашыма. Ён – нейкі таямнічы, чароўны, дзівосны дух. Як Дамавік, які жыве ў кожнай хаце і ахоўвае яе. Як Балотнік, які вечна жыве ў дрыгве і заўсёды баіцца, каб чалавек не асушыў яго балота. Як Вадзянік – уладар рэк, азёраў. Дзе ён жыве, там вада ніколі не прамярзае, а добрым людзям заганяе ў сетку рыбу.
А дзе жыве наш Грошык?
Ды паўсюль, дзе ёсць патрэба ў грашах. Чалавек працуе – і Грошык круціцца каля яго. Можа падмагаць. А калі што не так, дык і перашкоды ўтворыць. Як бачыш, чалавек меней атрымае грошай.
Ідзе сям’я ў магазін – і Грошык з ёй. І там то раіць, падказвае, а бывае, і падбухторвае, каб залішне патраціліся. Ох, як важна пасябраваць з гэтым валютным духам!
Не ведаю, як вам, а мне Грошык уяўляецца гэткім зямным калабком. Вельмі вёрткім, няўлоўным. Не такім, як у вядомай казцы, – хлебным, круглым, якога абхітрыла і з’ела Ліса.
У сучаснага Грошыка не проста вочы, а нейкія касмічныя ліхтарыкі, якія ўсё прасвечваюць. Гэткія прыборчыкі начнога бачання. Вушы ў яго, канешне, не такія вялікія, як у слана, але ж вельмі чуйныя. Можа пачуць на вялікай адлегласці, калі што з грашыма не так робіцца.
У Грошыка ножкі кароткія. Яны яму толькі на малыя адлегласці. А калі што якое, дык ногі можна ўвабраць у сябе ды выпусціць крылы. І тады самая хуткая ракета не дагоніць яго.
Грошык мае яшчэ шмат усялякіх кнопачак. Ён мне абяцаў пра кожную з іх выдаць сакрэт. А для цікаўных ужо адкрывае сваю школку пры “Вясёлцы”.
Адзін сакрэцік Грошык даверыў мне. У яго, аказваецца, сярод чубчыка на галаве ёсць кнопачка памяці. Адтуль, з базы памяці, ён можа выдаць якія хочаш звесткі.
Грошык дазволіў мне датыкнуцца да той кнопкі. І я пачуў даўнейшы народны жарт. Вось як суседзі пагаварылі-пасмяяліся:
“Ці быў на базары? – Быў! – Што ж ты купіў? – Казу! – Колькі аддаў? – Сем капеек! – А дзе ж каза? – Ды прадаў. – А за колькі? – За пяць капеек! – Навошта так багата страціў? – Нічога, абы свежая капейка!..”
Грошык нечакана знік ад мяне. Ён, бачыце, можа стаць і невідзімікам. А я ўсё думаю, для чаго ён мне вывернуў з памяці даўно заржавелы жарт пра свежую капейку? Мо таму, што ўсе мы павінны дбаць, каб грошы нашы заўсёды рухаліся і прыносілі толькі радасць. Хай сабе купюры будуць і не новыя, але заўсёды жаданыя і свежыя, заробленыя, а не дармавыя…
Працяг у наступным нумары.
Уладзімір ЛІПСКІ