Адліга падвяла
Той зімою мы будавалі ў сяле магазін: прасторны, высокі, на цагляным падмурку. Пад канец студзеня, упершыню ад пачатку зімы, пачалася адліга. Дыхнуў з поўдня цёплы ветрык, і заслязіліся стрэхі. Снег памякчэў, і на вуліцы, куды ні глянь, гаманлівыя дзеці гулялі ў снежкі.
Увесь дзень мітусіліся і шчабяталі вераб’і, смялейшыя купаліся ў лужынах. Птушкам, больш чым людзям, абрыдзелі маразы, і адліга нагадала ім цёплую вясну.
Надвячоркам некалькі верабейчыкаў заляцела на гарышча новага магазіна і зашылася начаваць у прагале паміж кроквай і жалезным дахам. Чаму ім прыйшло ў галаву аблюбаваць такое месца для начлегу, цяжка сказаць.
Уначы нечакана прыціснуў мароз. Падзьмуў паўночны вецер, і раніцай тэрмометр паказаў трыццаць пяць ніжэй за нуль!
Калі мы прыйшлі на работу, знайшлі верабейчыкаў замерзлых. Хтосьці з цесляроў параіў занесці іх у цёплую дзяжурку: можа, адыдуць яшчэ.
Мы хуценька сабралі птушачак у шапку і гуртам кінуліся ратаваць. У дзяжурцы кожны ўзяў па адной у прыгаршчы і пачаў хукаць. Сваім цяплом мы хацелі вярнуць ім жыццё, але ні адна не падавала надзеі.
I раптам на маёй руцэ верабейка расплюшчыў вочы.
– Хлопцы, ажыў! – крыкнуў я ад радасці. – Глядзіць!..
Мы ўсе пяцёра нахіліліся над ім.
– Міргае! Хукай, яшчэ хукай! – раілі мне цесляры, і самі таксама дыхалі на птушачку, якая ляжала бачком на маёй далоні і пазірала на нас. Але чаму ж гэта асцярожнае, такое недаверлівае да людзей стварэнне не спрабуе ўцякаць?
Я павярнуў верабейку на жывоцік. Ён памкнуўся стаць на ножкі, каб адштурхнуцца ад мае далоні, і зноў лёг на бок.
– Падкінь асцярожна ўгару, а мы падставім шапкі. Калі будзе падаць, падхопім, – параіў старэйшы нашай брыгадзе.
Я паслухаўся і падкінуў. Верабейка закружыўся пад столлю. Відаць, сам сабе не верыў, што можа лятаць, бо так весела заціўкаў “Жыў, жыў!”, што і нам усім стала радасна.
Верабейка абляцеў некалькі разоў пакойчык і апусціўся на цвік у сцяне. Хацеў ашчаперыць яго сваімі кіпцюрыкамі, як рабіў гэта на тоненькай галінцы, і не змог: паляцеў уніз. Каля падлогі распасцёр крылцы і зноў закружыў па дзяжурцы. Стаміўшыся, сеў на каўнер брыгадзіравага кажуха, што вісеў каля акна.
Мы знялі яго, паклалі на стол, накрышылі хлеба, налілі ў сподачак вады, а самі пайшлі працаваць. Мароз марозам, а рабіць трэба.
У час абеду заўважылі: верабейка трошкі падсілкаваўся і спакойна ляжаў.
Усю зіму верабейка пражыў у нашай цёплай дзяжурцы.
Штораніцы ён весела адгукаўся на прывітанне кожнага, хто прыходзіў да нас.
Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ