Анюта і Мюнхгаўзен
Радасная і ўзбуджаная, прыбегла Анютка са школы. Хуценька зрабіўшы хатнія заданні, дзяўчынка прымасцілася да
камп’ютара. Пасля вячэры Анютка ўспомніла, што заўтра ёй абавязкова трэба здаць кнігу пра барона Мюнхгаўзена ў бібліятэку, а яна яшчэ не дачытала яе. Дастала з паліцы, паклала побач з ложкам. “Дачытаю перад сном, а пакуль яшчэ трошкі пасяджу за камп’ютарам,” – паабяцала сабе дзяўчынка.
– Анюта, пара спаць! – пачуўся мамін голас.
“Дачытаць некалькі старонак засталося, заўтра раніцай дачытаю,” – вырашыла Анюта.
Вочкі самі сабой заплюшчыліся. Ды раптам… што гэта? Нехта ціхенька тузануў яе за руку, а потым – зноў. Дзяўчынка запаліла святло і не паверыла сваім вачам: перад ёю стаяў сам Мюнхгаўзен!
– Ну што, Анюта, будзем сябраваць? – запытаўся ён у малой. – Расказвай, у цябе з’явіўся новы герой?
– Ды не. Проста ад камп’ютара ніяк не магла адарвацца.
– Дзе ён, паказвай! Можа, і мне спадабаецца?
Анютка расказала, што з дапамогай камп’ютара праз інтэрнэт можна наладзіць сувязь з любой часткай свету, можна нават бачыць адзін аднаго на маніторы. Мюнхгаўзен быў у захапленні ад убачанага! Знайшоў у інтэрнэце шмат сяброў. Але надышоў час развітвацца. Анютка дастала свой стары мабільнік і растлумачыла, як ім карыстацца. Параіла Мюнхгаўзену насіць яго пры сабе, каб заўсёды быць на сувязі.
– Дачушка, прачынайся, – пачула Анютка мамін голас.
Дзяўчынка імгненна ўскочыла з ложка:
– Мамачка, а дзе ён?
– Хто, мая маленькая? – усміхнулася ў адказ маці.
– Як хто? Мюнхгаўзен! – і Анютка позіркам паказала на кніжку.
Мама толькі ўсміхнулася.
“Ці гэта быў толькі сон?” – падумала Анютка. На здзіўленне мамы, яна вельмі хуценька сабралася ў школу і села дачытваць апошнія старонкі кніжкі.
– Каб Мюнхгаўзен на мяне не крыўдаваў, – з усмешкай патлумачыла Анютка маме.
Лёля БАГДАНОВІЧ










