Вершы Уладзіміра КАРЫЗНЫ
Вторник, 11.11.2014 08:29. Рубрика: Вершы
Гульня
Гулкай раніцай студзёнай
На суку сядзіць варона:
Аслабела без яды,
Недалёка да бяды.
Ах, варона-шалахвостка! –
Ёй прыгледзелася костка,
Што ля будкі грыз Барбос –
Белы хвост і чорны нос.
І яна туды – кулём,
Як у свой бацькоўскі дом!..
Будзь, варона, разумнейшай:
Перш няхай пад’есць мацнейшы!
Мурка
Каля хаты, ля падмурка,
Мые вушкі кошка Мурка,
Мые хвосцік, мые лапкі,
Паўбірала цап-царапкі.
Маладая, ды ўдалая,
Хітра вочкам паглядае,
Каб з зялёнага зацішку
Не ўпусціць хітруху-мышку.
Верабей прыціх імклівы
І падглядвае з-за слівы,
Як прыгожа каля маткі
Малачко п’юць кацяняткі.