Вершы Нiны ПЫШ
Понедельник, 10.11.2014 07:24. Рубрика: Вершы
Курачка
У нашай курачкі-хахлаткі
Вывеліся кураняткі.
Трое – жоўценькія з плямкай,
Да сваёй падобны мамкі.
Ну а пяць – зусім чарнюткі,
Нават чорненьнкія дзюбкі.
Іх хахлатка праганяе
І як родных не прымае.
Слухай, курачка-хахлатка,
Ты ж для іх таксама матка.
Куранят не праганяй,
А цяпло сваё ім дай.
Пад свае вазьмі іх крылы,
Атулі лагодай мілай,
Сваім клопатам і ласкай.
Будзь жа добрай, калі ласка!
Коцік
У Марусі коцік рыжы.
Ён зімою стаў на лыжы.
Што за дзіва: як у казцы,
На адной нясецца лапцы!
Як Барбос пабачыў тое,
Ўраз пазбавіўся спакою.
Доўга на ката брахаў,
Бо, напэўна, не пазнаў.
Ты, Барбосік, не брашы,
Лепш Марусі памажы
Яе коціка дагнаць,
Лыжы ў рыжага забраць.