Маці
Вторник, 22.04.2014 09:35. Рубрика: Вершы
Маці родная, маці мая!
Ты на шчасце мяне нарадзіла,
Над калыскай спявала начамі,
Каб я дужай і смелай хадзіла,
Смела мерыла далі вачамі.
Дзякуй, маці, што мне падарыла
Ты любоў да зямлі маёй роднай,
Дзе ўсміхаецца сонца так міла,
Дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных,
Дзе гамоняць вятры напрадвесні
З маладой сакавітаю рунню,
Дзе звіняць салаўіныя песні,
Лес іграе на тысячах струнаў…
Не бракуе на працы нам сілы,
Не згінаюся ў цяжкасцях я.
Гэта ты мяне ўсім надзяліла,
Маці родная, маці мая!
Еўдакія ЛОСЬ