Як у нас журы з’явілася
Толькі, сябры мае, выйшаў у свет часопіс з развагамі пра казку і парадамі пра тое, як яе ствараць, спакойнае маё жыцё скончылася.
Спачатку зазваніў хатні тэлефон.
– Спадарыня Алена? – удакладніў мяккі буркатлівы голас.
– Так, гэта я. А з кім маю гонар размаўляць?
– Здагадайцеся, – наўпрост не адказаў незнаёмец. – “Бегаў па сцяне ў чырвоным каптане, нёс дзіцёнку па лапцёнку, і жане, і сабе – баяць ці не?”
– Бай! Казачнік Бай! – здзіўлена выгукнула я.
– Слухайце, спадарыня, – азваўся таямнічы голас, – вось вы абвяшчаеце майстар-клас па стварэнні казак, даяце дзецям заданне казкі складаць, а маглі б у такой адказнай справе і да мяне звярнуцца!
Я сумелася, але тут жа знайшлася:
– Даруйце, казачнік Бай! Дазвольце запрасіць вас старшынёй нашага казачнага журы!
– Добра, згодзен. А пакуль што дзецям даю заданне: няхай намалююць, як яны ўяўляюць мяне, казачніка Бая. Да сувязі!
Я разгублена глядзела на тэлефон. Ну так, казкі я люблю чытаць, і сама іх пішу. Але каб размаўляць з казачнымі героямі наяве – не, такога яшчэ не здаралася!
З роздуму мяне вырваў звон мабільнага тэлефона.
– Не, вы толькі паглядзіце, што за спінай адбываецца! – без прывітанняў адразу пачаў задзірацца старэчы голас. – Казачнае журы ствараюць, старшыню абіраюць, а пра мяне ні гу-гу. Не, мае міленькія, так не пойдзе. Я вам не сястрыца Алёнка, каб у запечку слёзы ліць. Я – Баба Яга, касцяная нага! Калі месца старшыні ў вашым журы ўжо занятае, буду галасы лічыць, за ўсімі сачыць, каб без ніякіх знаёмстваў і сваяцтваў лепшыя казкі вызначаліся! А заадно і малым казачнікам заданне дам!
Агаломшаная, я толькі паспела папрасіцца:
– Бабця Ягуля, хвіліначку пачакайце! Я толькі аловак і паперчыну вазьму, каб вашае заданне дакладна занатаваць!
– Ага, пішы! Толькі спачатку маю крыўду выслухай. Як засялілі мяне тысячы гадоў таму ў хатку на курыных лапках, як далі ступу з памялом для пералётаў – так і да гэтага дня аніякага тэхнічнага прагрэсу, аніякага паляпшэння жыллёвых умоў! Дык вось заданне: прыдумайце мне якое новае жытло ці хаця б старое мадэрнізуйце. І над тым, як мне перамяшчацца, пафантазіруйце. Ды старайцеся! Як вы пашчыруеце, так я і жыць буду!.. Запісала?..
– Так, даражэнькая Ягуля!
– Ну, глядзі, калі нешта наблытала, праверу, а там – на лапату і ў печ! Цяпер бывай! Чакайце на пасяджэнні журы!
Усё! Сувязь абарвалася, а на маю спробу набраць нумар, які адбіўся ў мабільніку, паведамілі, што абанент недаступны.
Кругам галава ішла ад гэтых дзіўных званкоў, і толькі я намерылася прылегчы, як у гасцёўні пыхнуў экран тэлевізара, выява дыктаркі знікла, затое з’явілася аблічча Кашчэя Бессмяротнага!
– Я, Чахлік Неўміручы, зараз я-як чхну на вашае журы, на вашыя павучанні, на вашыя заданні – месца мокрага ад вас не застанецца! – загрымела з экрана. – Я!..
Авохці мне! Я, хоць і спалохалася не на жартачкі, але ж закон казачнага жанру не забылася: Зло павінна быць адужана! Раз – і вымкнула тэлевізар!
Усё, Кашчэй знік. І – дзякуй тэхнічнаму прагрэсу – не давялося мне нават іголку з яго смерцю шукаць.
Уф! Во дзівосы закруціліся!
Такім чынам, сябры, вы даведаліся, што ў журы конкурса на лепшы казачны твор, куды ўваходзілі ўсе супрацоўнікі “Вясёлкі”, цяпер далучаны і казачнік Бай, і Баба Яга. Давядзецца шчыраваць, выконваючы іх заданні.
Па праўдзе, мне гэтыя заданні падаліся надзвычай цікавымі. Паўторым іх!
Намалюйце партрэт казачніка Бая.
Намалюйце для Бабы Ягі новае жытло або прыдумайце, як адрамантаваць старое. Прыдумайце ёй нешта для пераездаў і пералётаў. Дарэчы, тэма зменаў у жыцці Бабы Ягі можа стацца новай цікавай казкай.
Лепшыя вашы малюнкі і казкі мы надрукуем у адным з нумароў “Вясёлкі”.
Алена МАСЛА