Мікола МЯТЛІЦКІ. Вершы
Полацк сівы і Няміга,
Турава слава зычная…
Мяне захапіла кніга
Даўняя, гістарычная.
Воін сціскае зброю,
Памяці стужка нятленная…
Шчыра гаворыць са мною
Мужная кніга – ваенная.
Рупнасць вакол віруе,
Росіцца раніца ясная…
Сэрца маё чаруе
Светлая кніга – сучасная.
Ці маразы, ці адліга, –
Шэпча свае быліны
Вечная наша кніга,
Як першадрук Скарыны.
Кросны
У музеі школьным – кросны,
Лёс у кроснаў незайздросны.
Ад світання да цямрэчы
Гучна грукалі пры печы,
Не лайдачылі-чакалі –
Палатно няспынна ткалі,
Каб было таго спажытку
І на сукню, і на світку.
А сягоння нашы кросны –
Як айчынны скарб дзівосны!
Кармушка
Вераб’і ўзляцелі шустра,
Растварыліся ўгары.
Першай лужы ззяе люстра
На праталіне ў двары.
Зноў вясна! Вільготны подых
З поля ветру-свежака.
Коціць змрочлівыя воды
Лёду збытая рака.
Ўстала сонца над зямлёю –
Святланосны подых дня!
І бязмежнай яснатою
Ззяе неба вышыня.
Сэрца ўзносіцца, як птушка,
Ў шыры неба і зямлі.
І самоціцца кармушка
Апусцелая ў галлі.











