Мае сябры – кошкі ды сабакі!
Добры дзень! Я клоўн – Юрый Куклачоў. Клоўнам марыў стаць з дзяцінства. Хацеў, каб людзі смяяліся. А калі ў маім жыцці з’явіліся кошкі і сабакі, я адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам. Яны адкрылі мне чароўны свет незвычайных казачных гісторый, краіну любові, дзе ўсё натуральна і справядліва.
У мяне часта пытаюцца, як я дрэсірую жывёл. Давайце адразу дамовімся: слова “дрэсіроўка” мы не будзем выкарыстоўваць. Я не люблю яго. Дрэсіраваць – значыць прымушаць. А кошкі нікому не падпарадкоўваюцца. Навукоўцы лічаць, што яны жывуць з чалавекам ужо чатыры тысячы гадоў, але да гэтага часу застаюцца загадкавымі істотамі. Мне часам здаецца, што кошкі касмічныя прышэльцы. Яны пасланы нам, каб зрабіць нашы душы больш мяккімі, каб нашы сэрцы падабрэлі.
Аднойчы я прагульваўся па парку. У кустах квітнеючага бэзу сядзела маленькае кацяня. Яму было зябка. Брудная шэрстка тырчала ў розныя бакі, як іголкі ў вожыка. На мяне глядзела толькі адно вочка, другое апухла. Пабачыўшы мяне, кацяня спалохана забілася пад галінкі.
– Адкуль ты тут? Ідзі сюды! – паклікаў я кацяня.
Як яно сюды трапіла? Можа, людзі кінулі, а можа, мама-котка згубіла? Ва ўсялякім разе, трэба было штосьці рабіць. Кацяня, як верабейчык, размясцілася на маёй далоні. Слабенька піскнула і жаласліва паглядзела на мяне. Я схаваў яго пад кашулю і панёс дадому. Там кацяня сагрэлася і перастала дрыжаць. Я асцярожна прамыў яму вочкі моцнай гарбатай, вымыў дзіцячым мылам і пасадзіў пад коўдру. Праз некаторы час кацяня выбралася са свайго доміка і соладка пацягнулася. І ціха, падало гадасок: “Мяў! Хачу есці!”
Налітае ў міску малако знікла імгненна. Кацяня надзьмулася, як балонік. Затым села на дыван і моцна запішчала. Гук разнёсся па ўсім доме. У дзверы пагрукала суседка Валянціна Фёдараўна.
– Хопіць з кацяняці здзекавацца! – сур’ёзна прамовіла яна.
– Я здзекуюся? Проста яно малака наелася, а цяпер чамусьці крычыць!
Валянціна Фёдараўна ласкава ўсміхнулася і знікла за дзвярыма. Праз некалькі хвілін у каробцы з-пад торта прынесла пясочак.
– Эх ты, кашачы тата! – папракнула суседка і паставіла каробку перад крыкуном.
Кацяня пабачыла пясочак, выкапала ямку, села і супакоілася. Потым весела загойсала па ложку.
… Мая бабуля казала: “Вялікая рэч – выпадак!” Ён сапраўды можа змяніць жыццё да лепшага. Ці наадварот, чалавек апускае рукі. Жыццё дае права выбару. Можна было б прайсці міма кацяняці і не заўважыць яго. Альбо зрабіць выгляд, што не ўбачыў. І яно хутчэй за ўсё б загінула. А я згубіў бы свае хвіліны радасці. У той вечар я не мог уявіць, што гэта маленькая бездапаможная істота стане маім адданым сябрам і дасць мне галоўныя ўрокі ў жыцці – урокі дабрыні.
У маім тэатры ёсць не толькі кошкі, але і сабакі – Паштэт, Кракадзіл і Цімафей. Але Паштэт адрозніваецца ад усіх. Калі прыходзяць госці, ён моўчкі ўладкоўваецца каля ўваходных дзвярэй, скручваецца ў камочак, кладзе на пярэднія лапы пыску і ўважліва сочыць за гасцямі. І як толькі госць бярэ са стала газету ці кнігу, пачынае брахаць. Яму здаецца, што кнігу хочуць скрасці, і, пакуль яе не пакладуць на месца, не супакойваецца. Паштэт можа цэлы дзень не піць, не есці, а ляжаць і назіраць за гасцямі. Калі яны збіраюцца сыходзіць пачынае пагрозліва рычаць, патрабуючы паказаць рукі. Яго хвалюе толькі адно: ці ўсё ў кватэры на месцы? Калі госці затрымліваюцца ў дзвярах, Паштэт пачынае брахаць, хапае за боты. Усім сваім выглядам паказвае – досыць, пагасцявалі, пара ісці.
Вось такія яны, мае чацвераногія сябры.
Юрый КУКЛАЧОЎ, народны артыст Расіі