Пра мыш зубастую ды вераб’я багатага
Жыў-быў у сяле руплівы гаспадар: пасее збожжа, пералічыць снапы ды кожны дзясяты сноп адкладзе на долю бедных. Пачуўшы тое, верабей заціўкаў ва ўвесь рот:
— Гэй! Мужычок хлеба назапасіў, ды і нам бедным вунь колькі адклаў!
— Ціха ты, не крычы так, — прапішчала мыш, — усе пачуюць: наляцяць вашы вераб’і, усё па зярнятку разнясуць.
Цяжка было вераб’ю маўчаць, але мышка добра яго прыстрашыла. І вырашылі яны сілкавацца зернем разам. Але на трэці год стаў свіран трухлець; пад новы хлеб гаспадар пабудаваў іншы, а ў старым збожжа заставалася мала. Вось мышка і вырашыла: калі ёй адной забраць усё збожжа, то больш дастанецца, чым з вераб’ём напалову. Прагрызла яна ў дошцы дзірку, збожжа высыпалася ў мышыную нару. Стаў верабей пазіраць: дзе збожжа? Зазірнуў верабей у падполле і ўбачыў там шмат зерня ды як заціўкае:
— Ах ты, мыш падпольная! Дамова была: усё пароўну, а ты што робіш? Абабрала сябра!
— Нічога не ведаю і не памятаю! – прапішчала мыш.
Раззлаваўся верабей, узляцеў на дах і заціўкаў так, што з усёй акругі вераб’і зляцеліся і давай справу разбіраць. Урэшце вырашылі да звярынага цара ляцець. Леў адпачываў, але ад птушынага гоману прачнуўся. Верабей расказаў усё, як было і дадаў:
— Калі ж ты нас з мышшу не рассудзіш, дык мы паляцім да свайго цара з просьбай!
— І даўно б так, ідзіце да свайго Арла! — сказаў Леў і зноў заснуў.
Паднялася вераб’іная чарада да Арла. Выслухаў цар Арол і загадаў:
— Трубіць вялікі збор беркутам, сокалам, каршукам, лебедзям, гусакам і ўсяму птушынаму роду, каб дзюбы тачылі, кіпцюры вастрылі. А звярынаму цару грамату нясі, а ў ёй напішы, што цар прысягі не памятае, нашых птушыных скарг не разбірае, вось за гэта і ўздымаецца на цябе сіла вялікая, таму, цар, выходзь са сваімі звярамі на поле, да Вялікага дуба.
Тым часам выспаўся Леў і, выслухаўшы птушынага трубача, таксама аб’явіў збор. І біліся яны тры гадзіны, а потым падляцела начная птушка, пугач ды сава, тут зубастыя мышы першымі наўцёкі пайшлі. Расказалі аб гэтай здрадзе звярынаму цару, раззлаваўся Леў на мыш:
— Ах ты, мыш, драбяза падпольная, з-за цябе, дробнай, біўся я, не шкадуючы сябе, а ты ж першая збегла!
І загадаў Леў біць адбой і прасіць прабачэння ў птушынага войска, а ўвесь нарабаваны хлеб прысудзіў вераб’ю аддаць. Мыш не знайшлі, кажуць, збегла ад страху. А ў верабейкі што ні дзень, то свята: цвыркаюць вераб’і на ўсю вёску і расказваюць быль пра мыш падпольную, пра вераб’я багатага ды пра сваю смеласць.
Пераклала Маргарыта Прохар
Слоўнічак
дамова — соглашение
здрада – измена
загадаць – приказаць
запаветны – сокровенный
дах – крыша
свіран — сарай