Вераніка і Шубуршун
Вераніка даўно заўважыла, што Шубуршун нікуды з-пад вокладкі вучнёўскага дзённіка не высоўваўся. Сядзеў сабе ціхенька і ні на што не зважаў. Адно толькі, калі дзяўчынка запіхвала дзённік у рукзак, ён, маленькі, нібы кнопка, і такі ж кругленькі, з дзёрзкім і вострым носікам, доўга падарожнічаў па адной і той жа старонцы. Набліжаўся да кожнага запісу, разглядаў адзнакі, вывучаў назвы прадметаў. Калі Вераніка выкладвала дзённік разам з сшыткамі і падручнікамі, каб рыхтаваць хатнія заданні, Шубуршун хуценька выскокваў на стол. І па тым, у якім ён быў настроі, дзяўчынка ведала, злуецца Шубуршун, ці радуецца. Калі адзнакі былі не ніжэй за “сямёрку”, ён надзімаўся і з тоненькай кнопачкі пераўтвараўся ў сапраўднага калабка. Задаволена прыжмурваў вочкі, востранькі нос станавіўся шырокім і чырвоным. “Шасцёркі”, “пяцёркі” ды “чацвёркі” Шубуршун не любіў. Дзьмуўся, што нават поўсць тырчала ў розныя бакі, а вочы рабіліся вялікімі. Таропка хапаючы паветра, Шубуршун па складах вымаўляў:
– Ве-ра-ні-ка! Як ты маг-ла так дрэн-на ад-каз-ва-ць на ўро-ку лі-та-ра-ту-ры?!
Вераніцы рабілася сорамна. Здаралася, што свае вымовы маленькі і дапытлівы разведчык рабіў два ці тры дні запар. Дзяўчынка набіралася цярпення, не адказвала на званкі сябровак-пяцікласніц. Цэлы вечар не ўключала камп’ютар. Старанна рашала ўсе задачы па матэматыцы. Вучыла на памяць вершы. Па тры-чатыры разы падарожнічала па карце са школьнага геаграфічнага атласа. І хаця стамлялася да вечара, клалася спаць задаволеная. Заўтра адзнакі павінны быць толькі выдатныя.
Аднойчы Вераніка і Шубуршун моцна пасварыліся. І ўсё з-за таго, што дзяўчынку запрасілі на дзень нараджэння стрыечнай сястры. Там яна так загулялася, што забылася зрабіць урокі. Прыйшла дадому, згрэбла са стала сшыткі, паклала іх разам з дзённікам у рукзак.
На ўроку матэматыкі Вераніку не выклікалі. Па літаратуры і геаграфіі дзяўчынка атрымала “чацвёркі”, па кітайскай мове – “тройку”. Выратавалі ўрокі фізкультуры і працы, на якіх ёй вывелі “дзясяткі”.
А дома давялося чырванець. Шубуршун назваў Вераніку невукам. А яна пачала апраўдвацца:
– Мне тата падарыў выдатны ноўтбук! І ў камп’ютары я праз Вікіпедыю любую краіну, любы горад знайду!.. І хопіць мяне вучыць!..
– Галоўнае, каб ты галаву не згубіла ў тым камп’ютары! – пакрыўджана заўважыў Шубуршун і дадаў: – А я вяртаюся туды, дзе і раней жыў!..
Вераніка на хвіліну задумалася, гледзячы, як яе лепшы сябар, якому яна давярала галоўныя школьныя таямніцы, прыскокам накіроўваецца да дзвярэй. Дзяўчынка хацела сказаць нешта добрае, прыязнае, але, не знайшоўшы патрэбных слоў, вымавіла:
– Ну і ідзі на сваю рэчку!..
Каля невялікай лясной рачулкі Балачанкі яна некалі і знайшла Шубуршуна. Дакладней, ён сам прыпыніўся каля кветак, якія Вераніка збірала на беразе. Спярша дзяўчынка не заўважыла дробненькую чорную кнопачку. А пасля нават спужалася, калі Шубуршун загаварыў. Але неўзабаве яны пасябравалі.
Шубуршун яшчэ не ведаў, як будзе вяртацца да сваёй роднай Балачанкі. У гарадскую кватэру да Веранікі прыехаў на аўтамабілі. Дарогу, канешне, не памятае, але і жыць у дзённіку гультаяватай вучаніцы, няхай сабе і добрай дзяўчынкі, яму ўжо расхацелася. Выкаціўшыся на лесвічную пляцоўку, знайшоў утульны куточак і вырашыў крышачку адпачыць перад доўгай дарогай. Радавала Шубуршуна, што зноў сустрэнецца з лесам, рэчкай, надыхаецца свежым паветрам. Калі ўдасца, то і ў падарожжа па Балачанцы выправіцца на якой-небудзь лодачцы. Галоўнае – пакінуць гэты надакучлівы і няўтульны горад. А Вераніка яшчэ пашкадуе. Шубуршун нават хацеў вярнуцца і сказаць: “Сяброў лягчэй губляць, чым знаходзіць…” А потым перадумаў. Няхай дзяўчынка гэта сама зразумее.
Алесь Карлюкевіч