Васіль ЖУКОВІЧ
Вторник, 2.07.2013 21:18. Рубрика: Вершы
Чапля
Чапа-ляпу, па вадзе
Чапля шэрая брыдзе;
Хай там спёка, хай там слота –
Жыць не можа без балота.
Жаўрук
Любіць жаўрук поле,
Дзе прасторы болей,
З сонейкам вітаецца –
Песняй заліваецца.
Сава
У лесе гучна сава кугіча,
Кагосьці ў госці, магчыма, кліча.
Лебедзь
Лебедзь пышны, як падушка,
Шыя – выгнутая дужка;
На вялікай на вадзе
Ўсё жыццё яго ідзе.
Мова птушак
Ластаўка шчабеча,
А бацян клякоча…
Кожны птах па-свойму
Размаўляць ахвочы.