Яўгенія ЯНІШЧЫЦ. Вершы
Пятница, 8.11.2013 11:04. Рубрика: Вершы
Хто ўключае сонейка?
Раніцай устала Лена.
Што за дзіва – перамена?
Ліў учора дождж бясконца,
Ну, а сёння – гляньце! – сонца!
І пытанне маме, тату,
Дзеду, бабе, цётцы, брату:
– Дзе, скажыце, кнопка тая,
Што нам сонейка ўключае?
Мова
Чую тваю жаўруковую музыку
Ў скошаных травах мурожных,
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
I ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе,
Родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
I калі ты мяне толькі паклічаш,
Памру за цябе без енку.
Нашу я любоў да цябе вялікую
У сэрцы сваім маленькім.