Мышкі і мішкі
Мы з татам вярталіся з прагулкі дадому. А калі праходзілі каля магазіна з цукеркамі, я папрасіла:
– Тата, купі мне “Мішак на Поўначы”.
– Мышак на Поўначы?! – здзівіўся тата. – А хіба да нас з Поўначы прывозяць мышэй? Адтуль прывозяць у заапарк белых мядзведзяў, цюленяў, маржоў.
Я падумала, што тата не дачуў, і сказала:
– Не мышак, а мішак.
– Навошта табе пышкі? – спытаў тата. – Ты іх ела, калі снедала.
– Ніякую не пышку, а цукерак “Мішка на Поўначы”, – паўтарыла я. – Разумееш: міш-ка!
– Можа, лепш купіць талерку: з місак цяпер ніхто не есць.
Я зусім разгубілася. Няўжо замест “мішка” я сказала “міска”?..
– Не трэба мне ні талерак, ні місак, ні пышак і ні мышак. Я хачу мішак.
– Нарэшце зразумеў, – сказаў тата. – Не трэба ні талерак, ні місак, ні пышак і ні мышак. Зараз пойдзем у парк да вунь той блакітнай елкі і назбіраем табе шышак.
– І шышак не хачу.
Тут я ўсё сама пераблытала і сказала:
– Я хачу “Мышак на Поўначы”, і больш нічога! Не, не мышак, а мішак.
– Ну вось, – спакойна адказаў тата. – Ажно ты і сама не ведаеш, чаго табе хочацца. Зірні, нават вераб’і на рабіне дзівяцца з цябе.
– Гэта яны з цябе, тата, дзівяцца, – раззлавалася я, – што ты нічога не разумееш.
– Не, – запярэчыў тата, – вераб’і дзівяцца, чаму ты ніяк не хочаш зразумець і запомніць адно…
Я ўздыхнула. Штодзень мне гавораць пра гэта.
– Ну што ты ўздыхаеш? – сказаў тата і ўзяў мяне за плячо. – Можа, мне самому хочацца гэтых цукерак. Але пойдзем хутчэй дадому. Нас мама даўно чакае.
Прыйшлі дадому. І толькі пераступілі парог, я крыкнула:
– Мамачка, даражэнькая. Тату вельмі хочацца цукерак “Мішка на Поўначы”! Будзем хутчэй абедаць.
– Толькі тату хочацца гэтых цукерак? – здзівілася маці. – А табе?
– Тату хочацца яшчэ больш, чым мне! – сказала я.
Ніколі ў мяне не было такога апетыту. А калі я з’ела ўсё, што мама падала, на стале з’явілася вазачка з нашымі любімымі цукеркамі “Мішка на Поўначы”.
Вісарыён Гарбук