Ула і лялька
Запляла вясёлка свае косы
І ў далоні воблаку паклала.
Сонейка, разбуджанае, босым
Па імжыстым небе прабягала.
Лялечка малой дзяўчынкі Улы,
Зняўшы шалік, паліто і боты,
У скразным дамку сваім заснула
І прысніла сон пра бегемота.
Трэба Уле лялечку ухутаць
Мамінай прыгожай хусткай новай,
Каб не змерзла лялечка ў дамку тым
І каб сон дасніла каляровы.
Цацкі, коцік, птушачкі шчэ з ночкі
Гэты дзень чакалі без спачыну:
Нашай Уле сёння тры гадочкі,
І яна – найлепшая з дзяўчынак!
Баль Эмілюкаса
Хутка колы вясёлыя круцяцца,
І чатыры гадкі на тых колах –
Ўсе імкнуцца на баль Эмілюкаса –
Караля сваіх цацак вясёлых.
Віншаваць яго – радасць бацькоўскую –
Ўжо бабуля з дзядулем прыехалі,
Слон вялізны і воўк – па-сяброўску,
І ліса ў акулярах для смеху!
Зайчаняткі, сябры яго сціплыя,
Яму хорам з-за плота спяваюць:
“Будзь здаровы! Вялікім расці ты!
І, вядома, шчаслівым – без краю!”
Пажадалі яму шчэ нямала –
Быць мацнейшым за дуб, сілай поўны!
І ў прыгодах найсамых удалых
Хлапчуку стаць героем галоўным!
Цёплае прывітанне ад літоўскіх сяброў
Вітаўтас БАРАЎСКАС
Пераклаў Алесь Гібок-Гібкоўскі