«Птушкі» Юрка ГОЛУБ
Юрка Голуб
Арэхаўка
Як лес начны гудзе,
У сне яна не чуе:
З арэхамі ў гняздзе
Арэхаўка начуе.
Дзяцел
Сасонніку спрасоння
Чуцён мышыны пошчак:
То дзяцел дзюбай сёння
Друкуе ліст на пошту.
Журавель
Падняліся ад травы
У вандроўку птушкі.
Зацягнулі журавы
Нітку ў восеньскае вушка.
Зязюля
Для зязюлі шэрай бор
Даць прытулак згодны.
Там зязюля з даўніх пор
Лічыць год за годам.
Кнігаўка
Робіць кнігаўка кругі
Там, дзе бусел клыгаў.
І чутно яе: кі-гі! –
Па складах чытае кнігу.
Ластаўка
Здалёк яны відаць,
Ды можна з ліку збіцца:
Сядзяць на правадах,
Як пацеркі на нітцы.
Малінаўка
Ты прыгледзься: дзень пры дні
Пад аховай кветак
Тут малінаўка на пні
Корміць сваіх дзетак.
Цецярук
Цецярук – палян сябрук.
Лес калі пяе і свішча,
Штось мармыча цецярук
Зноў на такавішчы.