Як Васька Блін стаў генералам
Нас было чацвёра: Лёнька Гром, Пецька Грук, я – Міцька Верас і Блін. Не, звалі яго Васькам Радкевічам, але для нас ён заўсёды быў проста Блін.
Ды што там Блін! Мы абзывалі Ваську самымі крыўднымі мянушкамі, а ён лыпаў чорнымі вачанятамі і – маўчаў. Маўчаў, бо ведаў: запярэч – і атрымаеш дзесяць сутак “страгача”. А як жа! Мы, усе трое, яго камандзіры!
Блін жа быў радавым. Гэта ён, разгарнуўшыся ў баявы ланцуг, бег следам за “генералам”, Лёнькам Громам, штурмаваў адну крэпасць за другой. Следам за ім, цяжка дыхаючы, танкам пёр напралом тоўсты Пецька Грук, наш “начальнік штаба”. А потым ужо сігаў я, “камісар дывізіі”. Мы з ходу выбівалі ворага з акопаў, кідалі пластмасавыя бутэлькі з вадою, уяўляючы, як кладуцца ад выбухаў нашых гранат варожыя салдаты.
Пасля кожнага такога бою мы вярталіся на сваю базу, станавіліся ў строй і Лёнька Гром чапляў нам, сваім афіцэрам, баявыя ордэны – каляровыя значкі.
Радавы Блін стаяў анямелы. Атрымаўшы медаль – касцяны гузік, ён упалым голасам казаў: “Зноў медаль”. І безнадзейна прасіў даць яму калі не ордэн, то хоць званне яфрэйтара.
Так мінула б, відаць, яшчэ шмат дзён, калі б не адна падзея.
У той ціхі сонечны дзень мы штурмавалі варожыя ўмацаванні на другім беразе нашай ракі. Васька Блін у гэты час дапамагаў бацьку рамантаваць на хаце дах. І камандаваць нам не было кім. А таму Лёнька Гром, уздыхнуўшы, аб’явіў:
– Іду ў разведку сам. Пачуеце крык савы – зараз жа плывіце да мяне на той бераг.
Лёнька неахвотна распрануўся і, уцягнуўшы галаву ў плечы, плюхнуўся ў ваду. Аж спалохана загаманілі гусі на варожым беразе.
Мы з Пецькам заляглі ў траве і пачалі назіраць за сваім камандзірам. Але бачылі толькі яго рукі, якія мільгалі ў залацістых пырсках вады.
Раптам Лёнька заціх, выцягнуў шыю, нібы хацеў аддаць нам нейкі новы загад, і… знік пад вадою.
– Удакладняе глыбіню, – аутарытэтна вызначыў Пецька.
У гэты момант Лёнька вынырнуў, замахаў рукамі, і мы выразна пачулі яго немае “р-рату-уйце!”.
З перапуду, не ведаючы, што рабіць, мы бегалі па беразе і таксама крычалі. А Лёнька ўжо не крычаў. Ён то на нейкі момант з’яўляўся на паверхні вады, то зноў знікаў.
І тут мы ўбачылі Ваську Бліна. Не распранаючыся, ён сігануў у раку і шпарка паплыў туды, дзе апошні раз паказалася галава нашага камандзіра.
Ад страху, што зараз не стане і Ваські, мы з Пецькам кінуліся хто куды…
Пра ўсё, што было потым, мы даведаліся ўжо ў Лёнькавай хаце. Блін выратаваў Лёньку. Той хутка ачуняў і зноў з’явіўся на нашай вайсковай базе. Панура загадаў:
– Марш на пазіцыю!
Апусціўшы вочы, мы неахвотна пайшлі за сваім камандзірам. Ад сораму мае вушы гарэлі, а Пецька шморгаў носам і засяроджана глядзеў на свае белыя ад пылу чаравікі.
Блін убачыў нас здалёк, падбег і, як заўсёды, стаў перад намі па камандзе “смірна”.
– Адставіць, – махнуў рукою Лёнька і, павярнуўшыся да нас, сурова сказаў: – Цяпер наш камандзір – Вася Радкевіч. А мы – яго салдаты. Ясна? Стаць у строй!..
І зноў мы зацята штурмавалі варожыя крэпасці, бралі доты і бліндажы, фарсіравалі раку. Але камандаваў намі ўжо Васька Блін, наш новы “генерал”. Ён чапляў нам медалі за адвагу, а мы дзякавалі і нават не адважваліся папрасіць звання яфрэйтара.
Алесь ШАШКОЎ