Вася Вясёлкін запрашае ў Кітай
Больш за чатыры тысячы гадоў таму на ўсходзе Азіі, каля Ціхага акіяна, з’явілася адна са старажытнейшых краін – Кітай. Кітай займае трэцяе месца ў свеце пасля Расіі і Канады, што складае больш за палову сушы ўсяго зямнога шара. Кітайцаў больш за адзін мільярд трыста мільёнаў чалавек. Сталіца Кітайсткай Народнай Рэспублікі — Пекін, грошы — юані.
Вялікая кітайская сцяна
Яна падобна на адзін з сімвалаў Кітая — Дракона. Уся сцяна — тулава Дракона, а галава яго размяшчаецца на тым месцы, дзе падчас будоўлі заклалі першы камень. “Галава Дракона”, альбо “Лаолунтоў”, і ёсць пачатак сцяны, якой ужо дзве тысячы гадоў. Даўжыня — дзевяць тысяч кіламетраў, вышыня – дзесяць метраў. Праз кожныя дзвесце метраў размяшчаюцца чатырохвугольныя абарончыя вежы. Будавалі яе 800 гадоў для абароны ад ворагаў.
Тэракотавая армія
Спякотным летам 1974 года людзі з вёскі Сіянь, што каля гары Лішань, вырашылі выкапаць новы калодзеж. На глыбіні двух метраў заўважылі чырвоную гліну. Адкапалі часткі гліняных вырабаў. Адна знаходка нагадвала тулава чалавека. Сяляне вырашылі, што знайшлі скарб. Але гэта былі не грошы і не золата. Яны знайшлі грабніцу кітайскага імператара Цінь Шыхуандзі, які быў пахаваны ў 210 годзе да нашай эры. Восем тысяч дзевяноста дзевяць выяў кітайскіх воінаў і коней знаходзіліся там. Вага чалавечай скульптуры – 135, каня—200 кілаграмаў. Усе скульптуры воінаў розныя. Будавалі грабніцу 38 гадоў, над ёй працавалі 700 тысяч чалавек. Да цяперашняга часу раскопкі працягваюцца, не ўсе таямніцы ўладара Кітая разгаданы.
Кітайскае пісьменства
Кітайцы замест літар пішуць іерогліфы. Іх пісьменству тры з паловай тысячы гадоў. Слова “іерогліф” у перакладзе азначае – свяшчэнны тэкст, высечаны на камянях. Кожны іерогліф – асобнае слова, якое можа мець некалькі значэнняў. Для таго каб чытаць кітайскую газету, трэба ведаць тры тысячы іерогліфаў. Звычайна чалавек валодае пяццю, а пісьменнік — дзесяццю тысячамі іерогліфаў. У самым знакамітым кітайскім “Слоўніку Кансі” — 47 тысяч іерогліфаў.
Кітайскія палачкі
Кітайскія палачкі, ці куайцзы, для ўжывання ежы з’явіліся пяць тысяч гадоў назад. Імі лёгка браць, перамешваць і падымаць прыгатаваныя стравы, асабліва вараную гародніну. Робяць іх з бамбуку і іншых дрэў, а таксама з фарфору, срэбра, золата. Кітайцы лічаць куайцзы вельмі зручнымі, бо яны з’яўляюцца працягам пальцаў.
Пералічыце ўсе краіны, з якімі мяжуе Кітай.
Праз якія горы праходзіць Вялікая кітайская сцяна?
Як кітайцы ядуць суп?
Што вы ведаеце пра кітайскія вынаходніцтвы: фарфор, порах, компас і кнігадрукаванне?
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ