Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ «ЧАРОЎНЫЯ СЛОВЫ»
Жыла-была адна сям’я. І была ў іх дачка Лізаветка. З жытнёвымі кудзеркамі валасоў. Як матылёк, насілася па кватэры. Усё разумела, слухалася бацькоў.
І раптам яе як падмянілі. Толькі хныкала, упарцілася ўсяму, што ёй казалі, не ведала слова “нельга”, толькі — “хачу”.
А ўсё таму, што ў кватэру прыляцела Злая Чараўніца. Падпарадкавала сабе дзяўчынку.
І тая хутка асвоіла многа кепскіх слоў. Яны былі розныя, а найбольш — “не хачу” і “чаму я”?
Аднойчы вярнуўся дахаты бацька, а яна без дай прычыны пачала кідацца цацкамі. — Дачушка, скажы, калі ласка, чаму ты паводзіш сябе так?
— Не хачу слухацца! Я ў космас хачу!..
— У космас — гэта добра, але туды лётаюць толькі тыя, хто слухаецца…
— Сумна з вамі!
— Што мы з мамай не так робім?
Лізавета апусціла галаву. Вушы і шчокі запунсавелі, і было відаць, што ёй сорамна зрабілася. Але яна прадаўжала штосьці мармытаць сабе пад нос.
— Чаму ты такая злюка? — пытаецца тата. — Што з табой, дачушка?
— Я зусім не злюка. Гэта вам так здаецца. Я хачу быць вольнай. Хачу ператварыцца ў птушачку.
— Лізаветка, а што такое воля па-твойму?
— Рабіць тое, што захачу! — адказала дзяўчынка. Так яе вучыла Злая Чараўніца.
— Не, дарагая, воля не ў тым, каб сваволіць, не стрымліваючы сябе, а ў тым, каб валодаць сабою, — тлумачыла маці.
Лежачы ў ложку, дзяўчынка прыгадвала словы маці і не заўважыла, як заснула. І прысніўся ёй сон. Вось яна ляціць на талеркападобным касмічным караблі над сваім горадам. Але карабель пралятае далей і садзіцца на заліты зыркім сонцам поплаў. Адсюль і вёска бабуліна недалёка. Усё наўкола знаёмае. Тут яна была летам. Сюды прыходзілі яны з бабуляй на Купалле. Лізаветка збірала кветкі на вянкі, якія дзяўчаты спускалі на ваду і спявалі песні. Памятае яна і вялікае вогнішча, вакол якога былі гульні-ігрышчы.
Ад ветрыка, што ўзняў серабрысты карабель, галоўкі кветак нахіліліся да самай зямлі. І, калі Лізаветка сышла з карабля на мяккі рознакаляровы дыван, кветкі адразу пазналі яе. Яны навыперадкі хваліліся сваёй прыгажосцю і навінамі. Галасы іх пераліваліся ранішнім жаўруковым спевам. Яна падыходзіла да кожнай, размаўляла, раз-пораз смяялася і ішла далей.
Раптам галасы сцішыліся, а ў небе, паставіўшы белыя крылы-ветразі ў паток ветра, скіравалася на пасадку пара буслоў. Прызямліліся акурат на сярэдзіну дыванка. Адразу пазналі Лізаветку, узнялі галовы і, закінуўшы ўгору дзюбы, радасна віталі яе зычным клёкатам.
— Ну прывітанне, сябры! — Лізаветка заўсміхалася.
— Прывітанне, дзяўчынка-аблачынка! Чулі-чулі пра твае прыгоды, Лізаветка! Ведаем, што ты трапіла пад уплыў Злой Чараўніцы. Нават у космас хочаш. А забылася наведаць сваю бабулю.
— Сапраўды, нельга ўпусціць такі шанец! Карабель, паляцелі да бабулі!
Бабуля ўзрадавалася сваёй пястушцы:
— Ну прывітанне, гарэза! А я табе гасцінец падрыхтавала — тваё любімае пячэнне.
Як толькі малая пачала есці, бабуля далікатна мовіла:
— Чула, што ў вас Злая Чараўніца аб’явілася…
— Ага, бабулька, яна мной кіруе. Як толькі што-небудзь хачу добрае зрабіць, яна тут як тут. І ўсё падштурхоўвае ліха рабіць.
Бабуля ціха прамовіла:
— Э-э-х! Малыя дзеткі — галава ад іх баліць, вырастуць — сэрца баліць…
— Не хачу, бабуля, каб праз мяне нешта балела! Я ніколі больш не буду слухацца Злую Чараўніцу. Абяцаю!
І прачнулася. Яшчэ нейкі час у яе вушах адгалоскам звінеў ціхі бабулін голас, а перад вачыма стаялі рознакаляровыя дыванкі кветак ды серабрысты касмічны карабель. Злая Чараўніца паспрабавала нешта шаптаць у вуха, але дзяўчынка зрабіла выгляд, што не заўважае яе: паднялася, умылася і рашуча пайшла на кухню, дзе ўжо снедалі бацькі.
— Смачна есці! — ветліва пажадала ім.
Мама і тата перазірнуліся. Усміхнуліся. Раптам мама моцна войкнула.
— Што здарылася, мамка? — далікатна спыталася Лізаветка.
— Брацік да цябе спяшаецца! — заўсміхалася маці і паклала ручку дачкі на свой жывот. — Чуеш, як ножкамі брыкаецца? Вось і будзе з кім табе забаўляцца!
— Ой, мамачка! І праўда, ён брыкаецца! — прыставіўшы вушка да жывата маці, дзівавалася ўражаная Лізаветка.
У гэты момант Добрая Фея падляцела неўпрыкмет і прашаптала ёй на вушка: “Ад сёння ты будзеш самая лепшая і паслухмяная дзяўчынка!”
— Прабачце, калі ласка, мамка і татка, я больш н-н-іколі не буду сваволіць!
Праз пэўны час бацькі прывезлі белы жывы камячок, перавязаны сіняй стужкай. Лізаветка бегала вакол таго скрутачка, адкуль блішчэлі васількова-блакітныя вочкі. Яна гладзіла рэдзенькія залаціста-пшанічныя валосікі браціка, а маме і тату сказала:
— Цяпер я буду клапаціцца пра Васілька.