Заяц і вожык
Беларуская народная казка
Дзейныя асобы:
А п а в я д а л ь н і к
З а я ц
В о ж ы к
В о ж ы ч ы х а
А п а в я д а л ь н і к: Аднойчы пайшоў вожык на сваё поле, зірнуць, як яго бручка расце. Сустрэў зайца, які таксама ішоў у поле на сваю капусту паглядзець.
В о ж ы к: Добры дзень, паважаны заяц! Як маецеся?
А п а в я д а л ь н і к: Заяц быў вельмі важны. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі спытаў.
З а я ц: Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?
В о ж ы к: Я на шпацыр выйшаў.
З а я ц: На шпацыр? На такіх кароценькіх ножках далёка не зойдзеш.
А п а в я д а л ь н і к: Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы.
В о ж ы к: Ці не думаеш ты, што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?
З а я ц: Вядома
В о ж ы к: А ці не хочаш ты са мною навыперадкі пабегчы?
З а я ц: Няўжо ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?
В о ж ы к: А вось пабачым.
З а я ц: Ну, давай пабяжым.
В о ж ы к: Пачакай. Спачатку я паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся. Тады і пабяжым.
А п а в я д а л ь н і к: Пайшоў вожык дадому. Ідзе і думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру». Прышоў дадому і пачаў збірацца.
В о ж ы к: Жонка, апранайся хутчэй. Пойдзем са мною ў поле.
В о ж ы ч ы х а: А што здарылася?
В о ж ы к: Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае.
В о ж ы ч ы х а: Што ты – звар’яцеў? Ён-жа цябе адразу перагоніць.
В о ж ы к: Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.
А п а в я д а л ь н і к: Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле. Па дарозе вожык пачаў выдаваць жонцы свой сакрэт.
В о ж ы к: Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым полі. Заяц пабяжыць па адной баразне, а я – па другой. А ты стань у канцы поля каля маёй баразны. Як падбяжыць пад цябе заяц, крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?
В о ж ы ч ы х а: Зразумела.
А п а в я д а л ь н і к: Так яны і зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.
З а я ц: Ну, што, пабяжым?
В о ж ы к: Пабяжым!
З а я ц: Раз, два, тры!
А п а в я д а л ь н і к: І абодва яны пабеглі з усіх ног. Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць. Дабег да канца баразны, а тут вожычыха яго сустракае.
В о ж ы ч ы х а: Я ўжо тут!
А п а в я д а л ь н і к: А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Здзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.
З а я ц: Пабяжым цяпер назад. Раз, два, тры!
А п а в я д а л ь н і к: І пусціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы. Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык.
В о ж ы к: Я ўжо тут!
А п а в я д а л ь н і к: Яшчэ больш здзівіўся заяц.
З а я ц: Пабяжым яшчэ раз!
В о ж ы к: Добра. Калі хочаш, пабяжым.
А п а в я д а л ь н і к: Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад. А вожык усё яго пераганяў. На семдзесят чацверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.
З а я ц: Умарыўся. Не магу больш бегаць.
В о ж ы к: Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?
А п а в я д а л ь н і к: Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля – ледзь ногі пацягнуў. А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі з імі на шпацыр.