Шчасце ў каляровай паперцы
Калі мне было 5 гадоў, я вельмі любіў цукеркі. Я мог есці іх цэлы дзень, пакуль крыштальная цукерніца да верху не напоўніцца каляровымі абгорткамі. Даволі часта мама, калі садзілася піць гарбату адной рукой трымала кнігу, другой размешвала цукар у кубачку, потым не гледзячы – хоп рукой у цукерніцу, а там замест прысмакаў толькі абгорткі. Вядома, бацькі рабілі мне заўвагі. Казалі, што Цукерачная Фея можа пакрыўдзіцца. Але я не верыў: што за глупства, якая Фея!
Аднойчы я прыйшоў з прагулкі. Тата чытаў навіны, мама глядзела серыял, а я рашыў пасядзець у сваім пакоі з цацкамі. Але калі падышоў да дзвярэй пакоя, убачыў, што з-пад іх выглядае цукерачны фанцік. Адчыніў дзверы, а там… на падлозе паперкамі было выкладзена: “Стась, не будзь скнарам! Твая Цукерачная Фея”.
Я вельмі здзівіўся. Пабег на кухню. На стале, вакол крыштальнай вазы яшчэ адзін надпіс з каляровых абгортак: “Не верыш? А я не жартую. Фея”.
Няўжо гэта і сапраўды пасланне ад Цукерачнай Феі? Я вельмі здзівіўся і вырашыў з таго часу, на ўсялякі выпадак, дзяліцца цукеркамі.
Бо ці мала што!
Наталля ЛЮКАВА











