Літара “Р”
Суббота, 23.04.2011 20:14. Рубрика: Вершы
Падрос Сярожа і цяпер
Ужо ў двары гуляе.
Не вымаўляе толькі “р”,
Бо літара – цяжкая.
На брата скардзіцца сястра.
Завуць яе Марына,
А ён стаіць сярод двара,
Крычыць: – Ты дзе, Маліна?
Яна тлумачыць: – Ты язык
Прыцісні к паднябенню!..
Сярожа слухацца прывык,
Стараецца ён, бедны.
– Скажы выразна “рак”, “ручай”, –
Марына вучыць брата.
Ён паўтарае: – Лак, лучай…
Змаўкае вінавата.
– Скажы “метро”, і мы пасля
Ў метро паедзем к дзеду…
А ён, хітрун, давай віляць:
– Я на таксі паеду!
Нялёгка вымавіць “рамень”,
“Мароз”, “рака”, “прастуда”.
Але вучыўся кожны дзень –
І здарылася цуда.
Марына чхнула, і на чых
Ён крыкнуў: – Будзь здаррррова!..
Упершыню вось так, услых,
Сказаў ён гэта слова.
Агнія Барто
Пераклаў Мікола Маляўка










