Мяцеліца
Еду, еду па беламу полю,
А віхура дарогу заносіць.
Яна ўслед мне так страшна галосіць,
Быццам сэрца заходзіцца з болю.
Ўсё лятуць мае белыя коні
Па пустым бездарожным загоне.
Пераблытаў ім вецер гуллівы
Легкавейныя, тонкія грывы.
1937 г.
Канстанцыя БУЙЛО
Канстанцыя БУЙЛО (14 студзеня 1893 – 4 чэрвеня 1986) – выдатная беларуская паэтэса. Янка Купала любіў слухаць, як яна чытае свае вершы. Яе талентам захапляўся Максім Гарэцкі. Доўгі час выкладала ў школе. Па словах многіх вучняў, была цудоўнай настаўніцай: без аніякага крыку і навязлівай дыдактыкі ўмела натхніць нават самага апошняга двоечніка. У 1914-м годзе выйшаў яе дэбютны паэтычны зборнік “Курганная кветка”, які быў вельмі прыгожа аздоблены Язэпам Драздовічам. Для дзяцей напісала кнігі “Юрачка” (1957), “У бляску зор” (1968), “Вясной” (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня “Люблю”, якая стала па-сапраўднаму народнай.